Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ГАЛУБОК Уладзіслаў 

ГАЛУБОК Уладзіслаў

[сапр.: Голуб Уладзіслаў Іосіфавіч; іншыя псеўданімы і крыптанімы: В.Галубок; У.Галубок; Уладыслаў Галубок; Ha³ubok; Сымонка; Symonka; Г-к; В. Г-к; Г-у-к; 3(15).5.1882, станцыя Лясная Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 28.9.1937, Мінск, НКВД], драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак. Вучыўся ў мінскіх мастакоў. Пачаў літаратурную дзейнасць як паэт і празаік у 1908: друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. У 1913 выдаў зборнік «Апавяданні» (Пецярбург). З 1917 выступаў як драматург; напісаў каля 40 п’ес з жыцця бел. народа, якія шырока ставіліся ў бел. тэатрах. У ліп. 1915 — пачатку 1917 адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (Мінск). У 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. Летам 1920 узначаліў Драматычную секцыю культурна-асветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» ў Слуцку. У 1920 арганізаваў у Мінску Трупу беларускіх артыстаў (з 1926 Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, з 1932 Беларускі трэці дзяржаўны тэатр з базай у Гомелі), дзе яго талент раскрыўся найбольш ярка і поўна. Першы народны артыст Беларусі (1928). Праводзіў вялікую культурна-асветную работу, дапамагаў мастацкай самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, публікаваўся ў перыядычным друку. Як мастак-дэкаратар афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Арыштоўваўся ў 1919, 15.2.1920 і ў вер. (студз. ?) 1924. З канца 1920-х г. пачаліся ганенні на Г. Ён быў адхілены ад мастацкага кіраўніцтва БДТ-3. Арыштаваны 21.6.1936. Расстраляны ў 1937 г. Жонка Г. пасля арышту мужа спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Рэабілітаваны 26.8.1957. У 1982 адкрыта Грамадская гасцёўня імя У.Галубка (Траецкае прадмесце ў Мінску), зняты дакументальны фільм «Уладзіслаў Галубок».

Тв.: П’есы. Мн., 1968; Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. Мн., 1983.

Літ.: Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969; Адхінуўшы заслону часу…: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979; Карабанава Л. В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".