Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ГАЙЛЕВІЧ Язэп
[26.2.1893, в. Дразды Дзісенскага пав. Віленскай губ. — 18.10.1971], рыма-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, педагог. У 1913 паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. З-за падзей 1917—18 у Расіі быў вымушаны перапыніць вучобу. Заняткі прадоўжыў у Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 29.2.1920 пасвечаны ў святары. У 1920—21 вікарый у мяст. Друя Браслаўскага пав. У 1921—34 адміністратар у Бальбінаве Дзісенскага пав. У 1934—35 вікарый у касцёле Сэрца Ісуса ў Рэзекне (Латвія). У 1935—43 вікарый у касцёле Панны Марыі ў Дзвінску (Даўгаўпілс, Латвія), адначасова выкладаў Закон Божы ў бел. школах. Прымаў удзел у культурным і грамадскім жыцці беларусаў Латвіі. У 1943—49 адміністратар касцёла ў Бальбінаве. У 1949 арыштаваны органамі МДБ. Па абвінавачанні ў нацыяналістычнай дзейнасці асуджаны на 10 гадоў лагераў. Да 22.6.1956 знаходзіўся ў лагеры ў Мардовіі. У 1956—59 служыў адміністратарам касцёла ў мясцовасці Рундак (Латвія). У 1959—71 адміністратар касцёла ў Бальбінаве.
Літ.: Гарбінскі БРД.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.