Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт 

ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт

[Вікенцій Іванавіч; 16.11 (паводле іншых звестак 16.12).1888, мяст. Поразава (паводле іншых звестак в. Шурычы) Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл. — 24.12.1942, Трасцянец пад Мінскам, СД], рыма-каталіцкі святар, публіцыст, перакладчык, выдавец, педагог. У 1912 скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. Пасвечаны ў святары 3.6.1914. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 уваходзіў у склад Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў газ. «Krynica» (Мінск, 1918). Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 пробашч у мяст. Жодзішкі на Віленшчыне (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). За актыўную нацыянальна-паліт. дзейнасць арыштоўваўся польскімі ўладамі 25.6.1925 (зняволены ў віленскай турме Лукішкі), 30.9.1925. 1.3.1926 асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (зняволенне заменена штрафам). Арыштаваны ў сак. 1927; асуджаны на 2 гады зняволення, якія адбыў у Макатоўскай турме ў Варшаве. З 1929 жыў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Пераклаў на бел. мову Новы Запавет (выдадзены ў Вільні, 1939). У 1936 выйшаў з БХД, заснаваў арганізацыю «Беларускі Нацыянальны Фронт», да 1939 выдаваў газ. «Беларускі фронт», у якой выступаў як публіцыст. З пачаткам 2-й сусветнай вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву, дзе арганізаваў легальны «Беларускі Нацыянальны Фронт» як прыкрыццё падпольных структур. Заснавальнік Беларускай Незалежніцкай Партыі. У чэрв. 1941 увайшоў у склад створанага ў Берліне Беларускага нацыянальнага цэнтра. З вер. 1941 у Мінску; галоўны школьны інспектар пры Генеральным камісарыяце Беларусі, сябра Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Ініцыяваў стварэнне падпольнай арганізацыі «Беларускі Цэнтральны Фронт», якой кіраваў. Спрабаваў заснаваць кіруючы цэнтр Беларускага Рэзыстансу. Арыштаваны СД 24.12.1942 і ў той жа дзень расстраляны ў Трасцянцы.

Тв.: Публіцыстыка: Патрэба нацыянальнай ідэі // Спадчына. 1993, № 2.

Літ.: Брылеўскі У. Мае сустрэчы з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім // Беларус (Нью-Йорк). 1980, № 273; З[алескі ?]. А. Ксёндз Гадлеўскі на фоне гістарычных падзеяў // Бацькаўшчыны. 1965. № 5; Пануцэвіч В. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі — дзяржаўны муж і правадыр народу // Беларуская царква (Чыкага). 1965, № 28 (перадрук: Спадчына. 1993, № 3, 5—6); Пякарскі А. Сумная гадавіна (Да дзесятай гадавіна арышту і расстрэлу ксяндза Вінцэнтага Гадлеўскага) // Бацькаўшчына (Мюнхен). 1952, 25 снеж.; Мілаш Ч. Плебісцыт у Жодзішках // Спадчына. 2002, № 2—3; ЭГБ, т.2; Гарбінскі БРД.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".