Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ВЯРЫГА-ДАРЭЎСКІ Арцём
[псеўданімы і крыптанімы: Artemiusz; Bia³oruska Duda; A.W.; D…a B.; D-da B.; 23.10(4.11).1816, мяст. Кублічы Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Ушацкі р-н Віцебскай вобл. — 1884, Сібір], адзін з пачынальнікаў новай бел. літаратуры, паэт, драматург, публіцыст. Вучыўся ў Забельскай гімназіі (мяст. Валынцы Дрысенскага пав., цяпер Верхнядзвінскі р-н). Служыў у розных установах Віцебска. З 1852 калежскі асэсар. Ажаніўшыся, набыў у Віцебскім пав. маёнтак Стайкі. У 1850-я г. арганізаваў у Віцебску публічную бібліятэку. Збіраў бел. фальклор. Пасылаў допісы ў газ. «Kurjer Wileński» і «Виленский вестник» (Вільня), «S³owo» (Пецярбург), час. «Ruch muzyczny» (Варшава). Стаў вядомы як аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, якія разыходзіліся ў рукапісах: паэмы «Ахульга» (тэматычна звязаная з барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў». Першым пераклаў на бел. мову паэму А.Міцкевіча «Конрад Валенрод». Бел. творы з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы не знойдзены. Пры жыцці выйшла адзіная кніга на польскай мове «Гутарка пра сваяка». Грамадскі рэзананс мела паездка В.-Д. ў 1858 у Вільню, дзе ён сустрэўся з віднымі прадстаўнікамі культуры. Тады ж быў запачаткаваны знакаміты «Альбом Вярыгі-Дарэўскага» (1858—63), які стаў своеасаблівым літаратурна-грамадскім альманахам. У 1861—62 браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, за што стаў аб’ектам пільнага нагляду жандараў. У 1863 адзін з кіраўнікоў узброенага выступлення на Віцебшчыне. Арыштаваны 6.5.1863, амаль два гады правёў пад следствам у віцебскай турме. Першапачаткова асуджаны на пажыццёвую катаргу, замененую 8 гадамі катаржных работ. У 1865 сасланы ва Усх. Сібір (саляварны завод ва Усоллі). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры.
Тв.: Gawêdka o Swojaku przez Bia³orusk¹ Dudê. Mohylew; Wilno, 1858; Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292; Беларуская літаратура ХІХ ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.
Літ.: Васілеўскі Д. Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929, № 6; Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Советское славяноведение. 1971, № 2; Кісялёў Г. Арцём Вярыга-Дарэўскі // Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.