Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » БЕЛАКОЗ Адольф
[каля 1826, маёнтак Лешна Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ, цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 1895, паводле іншых звестак 1865; Сібір], выдавец, мемуарыст. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскім цывільным судзе. У пачатку 1860-х г. жыў у Беластоку. Уваходзіў у канспіратыўную арганізацыю «чырвоных». У беластоцкай падпольнай друкарні надрукаваў (разам з Б.Шварцэ) некалькі рэвалюцыйных выданняў, сярод іх — «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў» (вядомы 4 нумары; па сутнасці, гэта было першае перыядычнае выданне на бел. мове). У пачатку 1863 стаў паўстанцкім начальнікам Беластока. У крас. 1863 арыштаваны і знаходзіўся пад следствам. Пасля вызвалення быў пад наглядам паліцыі. Зноў арыштаваны ў чэрв. 1863; высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле пастановы ваеннага суда сасланы ў Сібір. Напісаў успаміны пра перыяд 1862—65: пра беластоцкую падпольную арганізацыю, зняволенне ў Віленскай турме, ссылку ў Сібір. Рукапіс мемуараў загінуў.
Лiт.: Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—24; Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63; Кісялёў Г. В. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145; ЭГБ, т. 1.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.