Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » БАТРАК Іван
[сапр. Казлоўскі Іван Андрэевіч; 17(29).2.1892, в. Малое Гальцэва Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 1938 (?)], паэт, публіцыст, перакладчык. З 1911 рабочы ў Пецярбургу. Удзельнік літаратурнага гуртка паэта А.І.Машырава-Самабытніка. У 1914 уступіў у РСДРП(б). Арганізаваў у Пецярбургу падпольную друкарню, удзельнічаў у выданні нелегальнага час. «Рабочий голос», газ. «Пролетарский голос». З 1913 публікаваўся ў газ. «Правда». У 1915 за ўдзел у рэвалюцыйнага руху арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў катаргі. Правёў 2 гады ў зняволенні ў Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Са снеж. 1917 сакратар Аршанскага павятовага камітэта РКП(б), адказны рэдактар аршанскай газ. «Набат». У 1920 пераведзены ў Растоў-на-Доне. З 1921 у Маскве, працаваў у газ. «Беднота», «Правда», час. «Комбайн». Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага таварыства сялянскіх пісьменнікаў. У 1924 скончыў Маскоўскі ун-т. Аўтар зборнікаў баек і вершаў. Пісаў на рускай мове; перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. У 1930-я г. арыштаваны. Абставіны і месца смерці невядомыя.
Тв.: Обручи и клепки. М.; Л., 1926; Басни. М.; Л., 1928; Пауки и мухи. М., 1931; Фабричная труба. М., 1931; Басни. М., 1933; Избранное. М., 1958.
Лiт.: Карніловіч Э. Рэвалюцыяй мабілізаваны // Полымя. 1980, № 3; Яго ж. На гребне истории. Мн., 1989. С. 188—198; Русские советские писатели. Поэты: Биобиблиогр. указ. Т. 2. М., 1978. С. 254—265; Саламевіч. Слоўнік псеўданімаў. С. 180; ЭГБ, т. 1.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.