Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АРСЕННЕВА [Кушаль] Наталля
[20.9.1903, Баку — 25.7.1997, ЗША], паэтэса, перакладчыца, драматург. У час вайны ў 1914 сям’я Арсенневых жыла ў бежанстве ў Яраслаўлі, дзе будучая паэтка напісала свой першы верш на рускай мове. Радавод бацькі А. узыходзіць да роду маці М.Ю.Лермантава. У 1920 сям’я вярнулася ў Вільню, там А. скончыла Віленскую Першую беларускую гімназію, паступіла ва ун-т. На яе паэтычныя здольнасці звярнуў увагу М.Гарэцкі. У 1922 А. выйшла замуж за Ф.Кушаля, якога, як афіцэра польскага войска, накіравалі служыць у зах. рэгіён Польшчы. Пасля вер. 1939 А. жыла ў Вілейцы, працавала ў абл. «Сялянскай газеце». У крас. 1940 як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У маі 1941 А. вярнулася з ссылкі ў Мінск. Тут яе напаткала вайна. У акупіраваным Мінску супрацоўнічала з «Беларускай газэтай». Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі. У 1944 эмігравала ў Германію, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай бел. газ. «Беларус», на радыё «Свабода», у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. У даваеннай лірыцы замыкалася на інтымных і пейзажных матывах. У час вайны і ў эмігранцкі перыяд стварыла шэраг тэкстаў грамадзянскай лірыкі, гістарычнай бел. тэматыкі. У 1970—80-я г. адышла ад актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1980-х г. яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на Радзіме.
Тв.: Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд.: Мн., 1991); Сягоньня: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944; Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Ёрк, Таронта, 1979; Яшчэ адна вясна: Выбраныя вершы. Мн., 1996; Выбраныя творы. Мн., 2002.
Літ.: Байкоў М. Аб творчасці Наталлі Арсеньевай // Полымя. 1927, № 8; Сачанка Б. Сняцца сны... С. 43—48; Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Кн. 1. Мн., 1993; Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛіМ. 1993, 5 лют.; Яе ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995, № 6; Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993, 30 верас.; Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛіМ. 1994, 9 снеж.; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1; Савік Л. Жывём Айчынай мы...// Пакліканыя. Літаратура Беларускага Замежжа. Мн., 2001.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.