Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » АЛЕКСАНДРОВІЧ Андрэй 

АЛЕКСАНДРОВІЧ Андрэй

[псеўданімы: А.А-віч, А.Андр., Андр. Ал-іч, А.Худніцкі, Чыгуначнік Бэцін; 9(22).1.1906, Мінск — 6.1.1963, Падмаскоўе], паэт, перакладчык, публіцыст, член-карэспандэнт АН БССР. Сярэднюю і вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінску: скончыў МБПТ (1925), БДУ (1930). Яшчэ ў гады 1-й сусветнай вайны стаў удзельнікам хору У.Тэраўскага. Наведваў «Беларускую хатку». Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1925 рэдактар час. «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў («Наш працаўнік», «Чырвоная Полаччына», «Бальшавік Беларусі», «Заклік»). Першыя паэтычныя зборнікі «Па беларускім бруку», «Прозалаць». Кар’ера А. развівалася даволі паспяхова: у 1934—37 намеснік старшыні праўлення СП БССР, дырэктар Інстытута мовы БелАН, у 1931—37 член ЦВК БССР, у 1936—37 кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я ў час цкавання бел. руху далучыўся да гэтай кампаніі. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў» вядомых бел. літаратараў і вучоных. Разгромным у дачыненні да бел. літаратуры было і яго выступленне на ІІІ пленуме праўлення СП СССР. Вылучыўся ў русіфікацыі бел. мовы — у падрыхтаваным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) былі парушаны лексічныя нормы бел. мовы. Але карная машына не абмінула і яго. Першы раз арыштаваны 2.7.1938 і асуджаны на 15 гадоў лагераў; у 1938—47 на Крайняй Поўначы, працаваў на будоўлі Нарыльскага металургічнага камбіната. Тэрмін зняволення быў скарочаны да 8 гадоў, і ў 1947 ён выйшаў на волю. У 1947—48 — літсупрацоўнік шматтыражкі Мінскага трактарнага завода, але ў 1948 яму забаранілі працаваць у друку, нейкі час быў брыгадзірам будаўнікоў. Зноў арыштаваны 26.2.1949 і сасланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955. Потым жыў і працаваў у Мінску. Памёр у санаторыі ў Падмаскоўі. Пахаваны ў Мінску.

Тв.: Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1963; Творы. Мн., 1981.

Літ.: Да дзесяцігоддзя творчай працы Андрэя Александровіча: Спіс літаратуры // Кніга масам. 1932, № 1; БП, т. 1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".