Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АДАМОВІЧ Язэп
[26.12(7.1).1897, Барысаў — 22.4.1937], дзяржаўны дзеяч. Удзельнічаў у 1-й сусветнай вайне, ваяваў на Паўднёва-Зах. і Румынскім франтах (старшы унтэр-афіцэр; узнагароджаны 3 Георгіеўскімі крыжамі). У войску (1916) далучыўся да сацыялістычнага руху. У канцы таго ж года быў паранены і знаходзіўся на лячэнні ў Харкаве, дзе і сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю 1917. Праводзіў актыўную рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат, выбіраўся членам палкавога камітэта і Харкаўскага Савета. Каб нейтралізаваць яго ўплыў, камандаванне зноў адправіла А. на фронт. Увосень 1917 дэмабілізаваны, працаваў сакратаром Барысаўскага павятовага Савета. Летам 1918 начальнік гарнізона і ваенны камісар Смаленскай губ.; з вер. 1918 — ваенны камісар Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў, потым ваенны камісар Мінскай губ. З вер. 1920 народны камісар па ваенных справах БССР, адначасова з 1921 народны камісар унутраных спраў БССР і намеснік старшыні ЦВК і СНК БССР. Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР. Актыўна займаўся ўзбуйненнем тэрыторыі БССР — з’яўляўся ўпаўнаважаным СНК БССР па далучэнні Віцебскай губ. У сак. 1924 — маі 1927 старшыня СНК БССР. Паводле слоў Я.Пушчы, у А. знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары. У сувязі з канфліктам з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А.Крыніцкім быў пераведзены на працу ў Маскву. З мая 1927 старшыня праўлення Цукратрэста СССР, з 1932 працаваў на Далёкім Усходзе начальнікам Камчацкага акцыянернага таварыства, кіраўніком цукровых і рыбакансервавых прадпрыемстваў. У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў скончыў жыццё самагубствам. Яго імем названа вуліца ў Барысаве.
Літ.: Шамардзіна С. Старонкі з біяграфіі Язэпа Адамовіча // Полымя. 1966, № 4; ЭГБ, т. 1.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.