Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АДАМОВІЧ Антон Яўстаф’евіч
[псеўд. Альгердзіч Г., Бірыч В., Забранскі Д., Недасек Н., Склют Р., Юстапчык С.; крыпт. А.Ан.; 26.6.1909, Мінск — 12.6.1998, ЗША], бел. літаратуразнавец, гісторык, празаік. У 1920-х г. пісаў пра творчасць сучасных яму бел. літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць М.Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В.Маракова «Пялёсткі» («Чырвоны сейбіт», 1926). У 1928 скончыў МБПТ, паступіў у БДУ. 25.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Глазаў, у 1934 пераведзены ў Вятку (Кіраў), дзе працаваў у навучальных установах. Арыштоўваўся зноў 25(?).6.1937. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Мінск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У час вайны заставаўся ў Мінску. З ліп. 1941 — адзін з арганізатараў выдання шэрагу бел. газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. Адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». У канцы 1943 пераехаў у Германію. Працаваў у газ. «Раніца» (Берлін). У лагеры для перамешчаных асоб выдаваў газ. «Ведамкі», «Бацькаўшчына», час. «Конадні» і «Сакавік». Напісаў рэцэнзіі на рукапіс кнігі Н.Арсенневай «Сягоння» (1944), паэму Л.Случаніна «Рагнеда» (1944), зборнік А.Салаўя «Звіняць званы Святой Сафіі» (1947) і інш. Аўтар грунтоўных прадмоў да эмігранцкіх выданняў У.Дубоўкі («Сredo», 1949), Я.Коласа («Новая зямля», 1952), У.Жылкі («Творы. Да 20-годдзя ўгодкаў смерці», 1953), А.Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя», 1953), Л.Калюгі («Нядоля Заблоцкіх», 1953), Я.Купалы («Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя», 1953), М.Кавыля («Пад зорамі белымі», 1955), Я.Юхнаўца («Шорах моўкнасці», 1955), М.Сяднёва («Ля ціхай брамы», 1955). Падрыхтаваў шэраг т. зв. угодкавых артыкулаў — «Каб так любілі Беларусь» (Да 15-х угодкаў смерці П.Труса), «Usievalod Ihnatouski» (Да 65-годдзя з дня нараджэння У.Ігнатоўскага), «Паўлюк Трус» (Да 25-х угодкаў смерці і 50-х угодкаў народзінаў), «Дзесятая гадавіна смерці Кузьмы Чорнага», «30-я ўгодкі заснавання «Узвышша», «Юбілейны год: «Наша доля», «Наша ніва» (1956), «Да 40-годдзя савецкае літаратуры» (1956), «З нагоды 30-х угодкаў дзейнасці Рыгора Крушыны» (1957), «Да 40-годдзя Купалавага антыбальшавізму» і «Некатарыя Купалавы балады 1918 г.» (1958), «Пяцьдзесят гадоў беларускага адраджэння» (1959), «На ўгодкі Слуцкае бітвы» (1959) і інш. Надрукаваў шэраг антыбальшавіцкіх рэфератаў, артыкулаў, кніг — «Яны зноў на Беларускай зямлі» (1944), «Арыентацтва — хвароба беларуская» (1944), «Очерки истории большевизма в Белоруссии» (1954), «Саветызацыя беларускай літаратуры» (1955), »Пантэон пісьменнікаў БССР» (1959). У газ. «Бацькаўшчына» апублікаваў манаграфію «Званар Адраджэння — Вацлаў Ластоўскі» (1954). Нацыянальнай ідэяй прасякнуты такія празаічныя творы А., як «Афрадыта ОСТ», «Каханы горад» і інш. З 1960 г. жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Працягваў пісаць гісторыка-літаратурныя і крытычныя артыкулы: «Алесь Гарун: жыццё і творы» (1961), «Лірнік краіны ветлай (З успамінаў пра Міколу Равенскага)» (1961), «70-годдзе Максіма Гарэцкага» (1963), «Да пытання пра месца Францішака Багушэвіча ў гісторыі беларускай літаратуры» (1964—1965), «Да ўгодкаў Цёткі…» (1966), «Аспекты <…> творчасці Наталлі Арсеневай» (1971), «90 год Купалы й Коласа» (1972), «Успаміны <…> памяці Лявона Савёнка» (1974), «Успаміны пра Уладзіміра Дубоўку» (1976), «Наталля Арсеннева» (1979) і шмат іншых. Вывучэнне творчай спадчыны А. (каля 250 прац, у тым ліку на англійскай, нямецкай і рускай мовах) яшчэ наперадзе.
Тв.: Максім Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасці) // Узвышша. 1928, № 1—6; Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией. Мюнхен, 1954; Якуб Колас у супраціве саветызацыі: доследы і матэрыялы. Мюнхен, 1955; Большевизм в революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. Мюнхен, 1956; Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры. Мюнхен, 1956, (англ. пераклад 1958); Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча) (1981).
Літ.: Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» аб палітычных памылках у літаратурна-публіцыстычнай творчасці // Узвышша. 1930, № 1; Куніцкі С. Крытычныя артыкулы Антона Адамовіча як адлюстраванне буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі // Полымя. 1931, № 2; Мальдзіс А. Адамовіч Антон // БП, т. 1; Маракоў Л. Антон Адамовіч // Голас Радзімы. 1999, 13—20 мая.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.