Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » АГУРСКІ Самуіл Хаімавіч 

АГУРСКІ Самуіл Хаімавіч

[29.4.1884, Гродна — 19.8.1947, Паўладар, Казахстан], гісторык і публіцыст. Член Бунда, удзельнік рэвалюцыі 1905, у 1906—17 у вымушанай эміграцыі ў Англіі і ЗША. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Беларусь. У 1918 быў ваенным камісарам у Віцебску. Працаваў у гісторыка-партыйных установах у Мінску і Маскве: у 1924—29 загадчык Гістпарта ЦК КП(б)Б, нам. дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б; у 1930—33 дырэктар Гіспарта пры Маскоўскім камітэце ВКП(б). З 1934 дырэктар Інстытута яўрэйскай пралетарскай культуры, намеснік дырэктара Інстытута нацыянальных меншасцей БелАН. З 1936 член-карэспандэнт БелАН. Шмат займаўся гісторыяй Бунда і рэвалюцыйнага руху. У «Нарысах па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863—1917)» (1928) зрабіў спробу сістэматызаваць гісторыю рознанацыянальнага рэвалюцыйнага руху. Многія палажэнні гэтай кнігі спрэчныя, але на той час, калі ў савецкай гістарыяграфіі масава прадукавалася канцэпцыя апалагетыкі Бунда, замоўчвання дзейнасці іншых арганізацый, «Нарысы» мелі пэўнае станоўчае значэнне. Адным з першых распачаў барацьбу супраць т. зв. беларускага нацыянал-дэмакратызму. Паліт. абвінавачванні А. паўплывалі на трагічныя лёсы Ігнатоўскага, Жылуновіча і інш. Ва ўмовах вострай ідэйна-паліт. барацьбы і прычэплівання ярлыкоў падпаў пад крытыку сам. Арыштаваны 4.3.1938, па пастанове Асобай нарады пры НКВД СССР ад 15.8.1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у Паўладары ад кровазліцця ў мозг. Рэабілітаваны 7.4.1956 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.

Тв.: Борьба против уклонов на историческом фронте // Пролетарская революция. 1929, № 11; Октябрьские бои в Москве. М., 1932.

Літ.: Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985; ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".