Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » АБУХОВІЧ Альгерд Рышардавіч (Альгерд-Якуб) 

АБУХОВІЧ Альгерд Рышардавіч (Альгерд-Якуб)

[псеўд.: Граф Бандынэлі; Olgerd gr. Bandinelli; 25.7(6.8).1840, в. Калацічы Бабруйскага пав. (цяпер Глускі р-н Магілёўскай вобл.) — 10(22).8.1898, Слуцк], бел. паэт, мемуарыст, перакладчык. Паходзіў з шляхецкай сям’і, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі (адсюль і псеўданім). У 1852—54 вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, што паўплывала на фарміраванне яго светапогляду. Ужо пазней, у час падарожжаў па Еўропе, і асабліва тады, калі А. жыў у Жэневе, узмацнілася яго цікавасць да кальвінізму. Адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў бел. літаратуры; пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Перакладаў на бел. мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратур. Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, і да нас дайшла толькі невялікая частка яго літаратурнай спадчыны; вельмі адметны твор — мемуары А. (надрукаваны ў газ. «Гоман», 1916). Аўтар паэмы пра шведскага караля Карла ХІІ («Дума аб Каралю ХІІ»), праблеме свабоды чалавечай асобы («Ваўкалак»), сацыяльнай сатыры на парэформенную Расію («Старшына»). Вёў дыскусію з Ф.Багушэвічам аб пурызме і дыялектнай аснове бел. мовы («Мне перш за ўсё ідзе аб тое, …каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як нашырэйшае абывацельства. І дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія… У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа»). Удзельнічаў у паўстанні 1863—64, за што быў сасланы царскімі ўладамі ў Сібір. Пасля вяртання намерваўся раздаць зямлю сялянам, але з-за апазіцыі сям’і вымушаны быў пакінуць фамільны маёнтак; заняўся рэпетытарствам у Слуцку. Там вакол яго збіралася творчая моладзь, будучыя ўдзельнікі незалежніцкага і вызваленчага руху — Язэп Дыла, Пётр Карповіч і інш.

Тв.: Творы. Мн., 1991.

Літ.: Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984; Альгерд Абуховіч // Пачынальнікі. Мн., 1977; Гарэцкі М. Альгерд Абуховіч // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Вільня, 1920; Дыла Я. Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч // Дыла Я. Творы. Мн., 1981; Кісялёў Г. Дзекабрыст у мемуарах Абуховіча // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1; МАБ.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".