Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АБРАМОВІЧ Марыян Станіслаў
[25.3.1871, Цвер, Расія — 7.1.1925, Варшава], рэвалюцыянер-народнік, публіцыст, дзеяч культуры Беларусі і Польшчы. Вучыўся ў Маскве — спачатку ў гімназіі, потым на матэматычным ф-це Маскоўскага ун-та, дзе ўзначальваў гурток сацыялістычнага кірунку. Захоплены ідэямі народнікаў, вывучаў на Навагрудчыне бел. мову. Быў вельмі актыўны ва ўсталяванні сувязей з паліт. эміграцыяй, дзеля гэтага неаднаразова выязджаў за мяжу. 9.3.1890 арыштаваны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і зняволены ў маскоўскай турме «Бутырка». У турме ўдзельнічаў у заснаванні бел. гуртка моладзі. У Тыльзіце (ва Усх. Прусіі) выдаваў агітацыйную літаратуру, а потым перапраўляў яе ў Расію. Там у 1892 пад назваю «Дзядзька Антон» выдаў бел. пераклад польскай публіцыстычнай брашуры «Бацька Шыман». У тым жа годзе за распаўсюджанне пракламацый арыштаваны царскай паліцыяй у Варшаве. Два гады пад следствам адбыў у Варшаўскай цытадэлі, а затым быў асуджаны на 3 гады зняволення ў пецярбургскай турме «Кресты» і 6 гадоў пасялення ў Сібіры. У 1894 быў адным з трох вязняў, якія адмовіліся прысягаць новаму імператару Мікалаю ІІ. У час ссылкі ў Верхаянску вёў метэаралагічныя даследаванні, што дазволіла яму вярнуцца ў Еўропу пры дапамозе Расійскай АН. Пасля вяртання са ссылкі кіраваў у Пецярбургу рабочай кнігарняй «Праца». З 1908 жыў у Варшаве. Арыштоўваўся за ўдзел у арганізацыі Народнага ун-та. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справамі. Меў вялікую ўласную бібліятэку (каля 8 тыс. тамоў), дзе захоўваліся рэдкія бел. выданні.
Літ.: Czarnocki N. Przyczynki do historii PPS // Ksiêga pami¹tkowa PPS. Warszawa, 1923; Turonek J. Wokó³ genezy Dziadźki Antona // Slavia orientalis. 1983, № 3; Durko J. Abramowicz Marian Stanis³aw // S³ownik biograficzny dzia³aczy polskiego ruchu robotniczego. Warszawa, 1985; Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988, № 2; ЭГБ, т. 1; МАБ.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.