Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1


Імянны паказальнік (.doc, 895 Кб)


Аўтар палічыў, што ў дадзеным выданні лепш указваць нумар дома, а не старонкі

Галоўная » Даведнiкi  » Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1  » Слова ад аўтара 

Слова ад аўтара

Галоўная вуліца

Працуючы над біяграфіямі рэпрэсаваных у гады сталінскай дыктатуры жыхароў Беларусі і, у прыватнасці, яе сталіцы Мінска, я неаднаразова сустракаў два словы, якія калісьці выклікалі зусім іншыя,чым сёння, асацыяцыі: вуліца Савецкая [1]. І неўзабаве, нібы штосьці прадчуваючы, пачаў лічыць. Дзесяць, дваццаць, пяцьдзясят, сто, дзвесце, трыста… А побач — лічбы. Некаторыя часцей за іншыя. Вуліца Савецкая, д. 24 (найпрыгажэйшы дом дваранкі Ядвігі Адамаўны Кастравіцкай,«неабачліва» пабудаваны ёю незадоўга да пачатку «бальшавіцкага жаху»). Дом вытрымаў дзве страшныя вайны, але не вытрымаў хрушчоўскай «адлігі». Вуліца Савецкая, д. 31 [2], гэтак званы 1-шы Дом Саветаў [3], — месца прапіскі многіх вышэйшых партыйных, дзяржаўных і гаспадарчых дзеячаў БССР. Рэпрэсаваны амаль усе. Вуліца Савецкая, д. 148 [4] — «Дом спецыялістаў» — небывалы дагэтуль у бальшавікоў збор навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі. А інтэлігенцыя, вучыў адназначны, як цяпер высветлілася, Уладзімір Ільіч — ёсць… ну вы памятаеце хто… Вуліца Савецкая, д. 4, 6, 8, 22, 28, 33, 35, 41… Зрэшты, можна назваць любую лічбу да 185 [5]. Менавіта столькі было выбудавана на вуліцы дамоў да 1937–1938 гг. (большая частка — не меней 177 [6] — да 1911 г [7]. У грозныя 1930-я гады на Савецкай вуліцы, не было такога дома, у якім не пабывалі б няпрошаныя, з цвёрдым прыжмурам вачэй начныя «госці» ў сінім галіфэ з чырвонымі пятліцамі і прыгрэтай на правым сцягне кабурой з любімым для яго ўладальніка наганам. «Самы надзейны», — ухвальна махалі яны галавой і аблізвалі вусны.

Станавілася не па сабе. Гэтыя два словы — вуліца Савецкая — проста ўеліся ў памяць. І ўеліся разам з пачуццём турботы. Сустракаючы іх чарговы раз, я пачынаўзадыхацца, слязіліся вочы. Здавалася, гэтыя два словы раз’ядаюць іх. Я ўставаў, прымушаў сябе супакоіцца, проста прадыхацца. Прамываў вочы халоднай вадой. Лягчэла. Зноў садзіўся перад кампутарам — а куды дзенешся? — і,як раней, з хваляваннем і гаркотай думаў: няўжо ўсе гэтыя знаходкі памруць разам са мной? Няўжо чарговая старонка гісторыі роднага Мінска адыдзе ў нікуды, растворыцца ў моры абыякавасці? І аднойчы я вырашыў, скамандаваў сабе: ты проста абавязаны распавесці пра пераследы таталітарным рэжымам жыхароў галоўнай вуліцы сталіцы Беларусі — галоўнай артэрыі Мінска. Высветліць, чаму менавіта на ёй у 1920–1930-я гады жыць было шмат небяспечней, чым на амаль паўтысячы іншых вуліц, завулкаў, пляцах і гэтак званых нумарных ліній? Колькі і хто з жыхароў галоўнай вуліцы змог выжыць у канцлагеры і вярнуцца дахаты? І ці былі такія?

Ішоў час, ішла і праца над кнігай. І паступова, падчас збору інфармацыі — дакументаў, фатаграфій, перыёдыкі, успамінаў — я зразумеў і іншае. Для больш поўнага і шырокага паказу гісторыі вуліцы ў яе неабходна ўключыць і звесткі пра першых яе «дарэвалюцыйных» уладальнікаў: дзяржаўных дзеячаў, дваран, гандляроў, прадпрымальнікаў, службоўцаў, працоўных, сялян — усіх тых, хто яе насяляў, усіх тых, хто яе будаваў і ствараў. А ў 1919 быў бальшавікамі ашуканы, абрабаваны, выгнаны ці забіты. Пасля сыходу немцаў з’явіліся «свае», якія аказаліся горшымі за чужых, горшымі,чым захопнікі, горшымі за самых выклятых ворагаў. Са студзеня па ліпень 1919 яны ўвесь Мінск ператрэслі. Не, горш — яны яго па жывым парэзалі[8].

 

Целы мінчукоў, забітых чэкістамі на Камароўцы ў першай палове 1919 г. Над імі стаяць члены камісіі па расследаванні злачынстваў бальшавікоў: афіцэр польскай арміі Л. Дзванькоўскі (злева), палкоўнік амерыканскай арміі (жанчына), ваенны лекар Абязерскі Марыян Яхімавіч (гл. таксама д. 69–71)

 

Целы мінчукоў, забітых чэкістамі ля Койданаўскага тракта ў першай палове 1919 г.

 

Рабаванні — нібы рабуй нарабаванае. У Маскве прыдумалі, як іх «узаконіць». Рада народных камісараў РСФСР 30 кастрычніка 1918 выдала дэкрэт пра «надзвычайны рэвалюцыйны падатак у 10 мільярдаў рублёў». З Мінскай губерні пастанавілі вырваць 60 мільёнаў (палова з іх — з Мінска). Але як толькі 10 снежня 1918 бальшавікі ўвайшлі ў Мінск, сума «падатку» з горада без усякага тлумачэння і абгрунтавання была павялічана амаль у 7 разоў— 200 мільёнаў. Яе падзялілі на «абраных» жыхароў Мінска. Таго з іх,хто ня мог выплаціць прызначаную спецкамісіяй суму, бралі ў закладнікі. Хай сваякі падумаюць, як дапамагчы блізкім на волю выйсці. Схоплена вышэйзгаданая дваранка Я. Кастравіцкая. За волю ад яе запатрабавалі 1 000 000 р. Схоплены тысячы іншых. Сумы «справядліва» вар’іраваліся — ад 5–10 тысяч (для шаўцоў, краўцоў, кавалёў, слесараў, вазакоў, рымараў і г. д.) да 5–10 мільёнаў (сярод абкладзеных Сальман І. М. — адзін з саўладальнікаў д. 35/5 на скрыжаванні вуліц Каломенскай (Свярдлова) і Захар’еўскай; сёння на гэтым месцы знаходзіцца частка гасцініцы «Мінск», размешчаная насупраць д. 19 па вул. Савецкай). Нярэдка «падаткі» ў разы, а то і на парадак перавышалі ўсю маёмасць сям’і. Даніну-выкуп патрабавалі не толькі ад уладальнікаў дамоў (нават калі гэта былі трухлявыя драўляныя будынкі першай паловы 19-га стагоддзя), а і ад тых, хто ў іх наймаў пакоі, ці проста за «непрацоўную» прафесію, хоць дасталося і працоўным. Прыход у Мінск, услед за бальшавікамі, іх чорнай гвардыі — чэкістаў — быў падобны да налёту на горад галодных азвярэлых бандытаў.

Расстрэлы —налева і направа, без суда і следства. «Першым» тут быў начальнік ЧК і старшыня «тройкі» Іосіф Тарашкевіч[9]. Гібрыд падлізніка, панікёра, баязліўца і рабаўніка, гвалтаўніка, садыста, забойцы. Такіх у народзе завуць шакаламі. Перад катаваннямі арыштаваных ён любіў прыняць немалую дозу спіртнога, пахваліцца сваімі «геройствамі»: маўляў, толькі за чэрвень асабіста 167 чалавек расстраляў. І нярэдка бацькоў на вачах дзяцей і дзяцей на вачах бацькоў. Пасля ён аказаўся і баязліўцам— аж за месяц да ўступлення ў Мінск палякаў уцёк са сваёй бандай з нарабаваным.

Цяпер я ўпэўнены, што першая хваля масавых рэпрэсій нахлынула на Беларусь не ў 1929, а на 10 гадоў раней. Атрымліваецца, што бальшавікі галоўную вуліцу Мінска «зачышчалі» не шэсць разоў (1930, 1933, 1936–1938, 1939–1941, 1944–1945, 1947–1949), а сем (1919). І гэта патрабуе асобнага даследавання… Падобна, што «памяркоўных» беларусаў Сталін выразаў пры любой магчымасці, а значыць —такімі іх не лічыў.

Неабходна распавесці і пра тых, ужо «савецкіх», жыхароў вуліцы Савецкай, якім у «сталіншчыну» пашэнціла пазбегнуць арыштаў, а разам з імі распавесці пра школы і інстытуты, у якіх яны вучыліся, установы, у якіх працавалі, кінатэатры, якія наведвалі, крамы, у якіх куплялі ежу, адзенне, кнігі, — спрабавалі жыць, дакладней, выжыць, нягледзячы ні на што. Ні на сімвалічныя, мізэрныя зарплаты, калі іх можна так назваць, ні на бясконцыя «суботнікі» з «нядзельнікамі», дэманстрацыямі і мітынгамі «ў падтрымку прыгнечаных капіталістамі працоўных на Захадзе: свабоду несправядліва абвінавачаным пралетарам Міколу Сака і Барталамею Ванцэці»![10] «Пралетары»! Адзін проста бандыт. Другі бандыт і забойца.

Так, савецкія часы былі няпростыя. Удзень глядзелі-перажывалі ў «Спартаку»[11], «Інтэрнацыянале»[12], «Чырвонай Зорцы»[13]ці ў дабітых толькі перабудовай «Навінах дня», як змагаецца за светлае заўтра «Чапаеў», нібы зноў жа жылі светлай будучыняй разам з героямі фільмаў Рыгора Мармоненкі (публіцы больш вядомы як «аматар Галівуда» Аляксандраў), смяяліся-расслабляліся з уцёсаўскімі «Вясёлымі рабятамі», лёталі з бесклапотным смельчаком пад купалам «Цырка», плавалі — амаль ляцелі — па матухне «Волзе-Волзе». А бывала, калі пашанцуе, і на чаплінаўскія «Агні вялікага горада» ці ў «Новыя часы» траплялі, і ў «Вялікім дыктатары» не бачылі свайго, шмат больш «вялікага». Першы яшчэ да пачатку 2-й сусветнай загнаў у лагеры ці пазабіваў тысячы людзей сваёй краіны (галоўным чынам цыганоў і габрэяў), другі вынішчыў — мільёны! І не знайсці на велізарных абшарах захопленай нелюдзем шостай часткі планеты некранутай ім нацыянальнасці.

А ўначы пачыналася іншае, начное жыццё. Жонка ўкладвала дзяцей у ложкі, а часцей на посцілкі на падлозе, а перад тым, як легчы самой, правярала, ці не забылася пакласці мужу ў клунак на выпадак арышту тытуню, хлеба, бялізны. І так кожны дзень і кожную ноч… «Эх, хорошо в стране советской жить»…

Хтосьці, скажам, малады пісьменнік Мікола Аўрамчык, будучы сааўтар нашумелага ў свой час зубаскальнага хіта пра «Лысую Гару», — у тагачасным ГУМе [14] (не блытаць з сённяшнім) гарачым летнім днём у неапісальнай «шматпластовай» цісканіне-чарзе, рызыкуючы зламаць косткі, ваяваў за гарнітур, які ў бліжэйшыя гады будзе для яго адзіным і на які да гэтага гады два, а то і тры грошы збіраў. Праўда, у Рурскіх каменнавугальных шахтах, у якія Мікола трапіў у 1942, гарнітур нядоўга насіўся.

А іншы, вядомы засланым з Масквы чэкістам па «крымінальнай справе» як Мікалай Раманоўскі, а ў школах і бібліятэках Беларусі як класік айчыннай літаратуры Кузьма Чорны, літаральна праз сценку пасля вячэрняга, а часцей начнога допыту ўласнай крывёй захлынаўся. І гэта яшчэ была ня самая страшная на допыце сітуацыя. Гэта толькі пачатакдопыту. Слугі вусатага д’ябла катаваць людзей па «мемуарах» інквізітараў вучыліся.

Такія былі часы. Сталінскія, несправядлівыя, несумленныя, непрадказальныя і жорсткія.

 

 

Паштоўка (1934) з калекцыі вядомага калекцыянера і лекара Васіля Іванавіча Каляды (1914–—1995) падпісана так: «Менск. 1-ы Дом Советаў». І цалкам лагічна за першы Дом Саветаў усе прымалі будынак на пярэднім плане (зараз Савецкая, д. 19 — былое ўладанне Людвіга Уняхоўскага; правей за яго пачынаецца вул. Свярдлова). Аднак даследаванні паказалі, што 1-шы Дом Саветаў ёсць будынак,пабудаваны ў 1912 банкірам і аматарам спорту Эмануілам Абрампальскім (адрас да 1938 — Савецкая, д. 31, пасля — д. 17), змешчаны ззаду дома на пярэднім плане і бліжэйшы да касцёла св. Сымона і Алены (над абодвума дамамі відаць адна з яго вежаў). Удалечыні — за дрэвамі — правы бок Дома Урада. Злева ад яго — 2-павярховы дом мешчаніна Сямёна Сушы (адрас у 1910 — Захар’еўская, д. 7, пасля 1914 — д. 9, знесены ў пасляваенны час). 4.9.1937 НКВД арыштавала і асудзіла за «антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў ППК яго сына Аляксандра (нар. 9.12.1882 у Мінску, меў вышэйшую юрыдычную адукацыю).

У 1910-я гг. у доме жылі вядомая мецэнатка княгіня Магдалена Радзівіл, член Мінскага земскага ўпраўлення Антон Ваяводскі, землеўласнікі Рамуальд Хялхоўскі, Леў Ваньковіч, генерал арміі Міхаіл Іваноў, дырэктар сіндыката Мечыслаў Пагоскі, інжынер Яўген Гібнер і інш.

У 1930-я г. у доме жылі і былі арыштаваны наркам земляробства Дзмітрый Прышчэпаў, яго намеснік Аскар Сапрыцкі, сакратар ЦВК БССР Максім Ляўкоў, загадчык сакратарыяту ЦК КП(б)Б Георгій Каўцэвіч, партыйны і дзяржаўны дзеяч Адам Славінскі (Качароўскі), шэраг іншых найвышэйшых партыйных і гаспадарчых кіраўнікоў, культурных і грамадскіх дзеячаў БССР

 

 

Вуліца Савецкая пасля скрыжавання з вул. Камсамольскай (былой Багадзельнай) у кірунку вул. Леніна (былой Губернатарскай, з 1920-х гг. — Ленінскай, пазней — Леніна). 1-я палова 1930-х гг.

Першыя два будынкі злева — дамы, канфіскаваныя бальшавікамі ў мешчаніна А. Машкілейсана (цяпер на іх месцы знаходзіцца ў тым ліку і правае крыло Цэнтральнай кнігарні — праспект Незалежнасці, д. 19). Перад кастрычніцкім пераваротам 1917 г. у першым доме знаходзіліся нумары гасцініцы «Адэса» М. Разенталя (у 1920-я гг. — «савецкі» інтэрнат № 3), рэстаран «Мядзведзь» М. Ліўшыца і В. Голуба (пасля — «сталоўка працаўнікоў», адкрытая, між іншым, да 1.00 ночы) і шэраг прадуктовых і прамтаварных крам. У другім доме знаходзіліся таксама нумары гасцініцы «Адэса» і шэраг падобных, можна сказаць, канкурэнтак-крам. У абодвух дамах нумары на другіх і трэціх паверхах «Адэсы» галоўным чынам наймалі «ворагі працоўнага народа»— службоўцы і гандляры, большасць з якіх выехала з гасцініцы(галоўным чынам у Варшаву, Вільню і Кіеў) да прыходу бальшавікоў у снеж. 1918.

Перад гэтымі дамамі таксама знаходзіўся даходны аднапавярховы дом Машкілейсана (ён ёсць на іншых фатаграфіях кнігі; сёння тут частка левага крыла Цэнтральнай кнігарні). У першай палове 1910-х гг. у ім знаходзілася папулярная піўная Суднікава, а пазней абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, нават па еўрапейскіх мерках, «Новы тэатр» (электра-тэатр) братоў Вайнераў (пасля — «пралетарскі» кінатэатр «Спартак»).

Далей ідзе 3-павярховы даходны дом купцоў Лур’е (д. 63). На 1-м паверсе размясцілася прадстаўніцтва і крама кампаніі па выпуску швейных машын «Зінгер» і сетка крам таварыства грамадскага спажывання Лібава-Роменскай чыгункі. Другі паверх займаў прысяжны павераны. На трэцім жылі гаспадары. Пры бальшавіках на ўсіх паверхах над «павышэннем узроўню камуністычнай свядомасці савецкага чалавека» ў розныя гады працавалі супрацоўнікі тузіна газет: ад «Звязды» і «Савецкай Беларусі» да «Młot» (на польскай мове) і «Раўдонасіс артаяс» (на летувіскай).

Справа — 2-павярховы будынак з балконам— і ёсць той самы знакаміты ў 1930-я г. «Дом пісьменнікаў» (да рэвалюцыі належаў Б. Гольдбергу і Мінскай габрэйскай богаўгоднай установе). Акрамя пісьменнікаў, большасць з якіх неўзабаве будзе арыштавана і расстраляна, у ім месціліся і рэдакцыі часопіса «Полымя», газеты «ЛіМ» і яшчэ з дзясятак іншых арганізацый. Сёння на гэтым месцы —  д. 18 па пр. Незалежнасці

Падчас збору інфармацыі я тройчы кідаў працу над кнігай. Ахоплівала роспач. Выявіць, хто жыў і працаваў у амаль 300 дамах (насамрэч у 500–600, бо да кожнага дома прыкладаўся ўчастак зямлі, на якім стаяла яшчэ некалькі будынкаў) на працягу 60 гадоў, вылічыць іх нумарацыю, якая не раз змянялася ў далёкі ўжо «дакастрычніцкі» і міжваенны перыяд, здавалася задачай зусім невыканальнай. «Вось чаму праца за доўгія дзесяцігоддзі і не была зроблена», — з жахам усведамляў я. Але дакладна кімсьці сказана: вада камень точыць. І паступова, вельмі павольна — дом за домам — карціна стала высвятляцца. Дапамог і падзел адной вялікай працы на шэраг меншых. Я разбіў вуліцу на 14 умоўных кварталаў. Кварталы на ўчасткі, дамы… Моцна дапамагло і вывучэнне нумарацыі дамоў, якія стаяць на вуліцах і завулках, што перасякаюць ці прылягаюць да Захар’еўскай-Савецкай. Шматкроць злева і справа, знізу і зверху спраўджваў кожны дом. З-за памылкі (асабліва напачатку вуліцы) магла пасыпацца ўся нумарацыя. Моцна дапамагла і чыста інтуітыўна замоўленая ў адным з архіваў справа пра падаткі, што выплачваліся ўладальнікамі нерухомасці Мінска за 1915/1916 год, якая,здавалася, не прадвяшчала ніякіх адкрыццяў. Яна была нібы паслана зверху і дапамагла выправіць шэраг недакладнасцяў. А галоўным лічу поспехам, сталася тое, што з самага пачатку па невытлумачальнай нават для сябе прычыне я пачаў уводзіць адшуканую інфармацыю не ў праграме Word (тэксты), як гэта робіцца звычайна, а ў Exсell (табліцы). Увогуле, праца закіпела, і яе вынік цяпер перад вамі. Вядома, памылкі магчымыя, але тое, што мог, я зрабіў — большасць крыніц спраўджваліся па мноству разоў.

Гэтая кніга — своеасаблівы даведнік, у якім, здавалася б, прыводзяцца толькі сухія факты: дакументы, фатаграфіі, планы. Але шматстайнасць гэтых фактаў і толькі фактаў і стварае нескажоную гісторыю. Гісторыю вуліцы Савецкай — цяперашняга праспекта Незалежнасці — галоўнай вуліцы Мінска, сталіцы адной з еўрапейскіх дзяржаў.


 

[1] Да ліпеня 1919 — вул. Захар’еўская (заснавана ў 1801 г. і названа ў гонар першага (1796–1806) губернатара Мінска — Захара Эмануілавіча Карнеева). Падчас польскай акупацыі (8.8.1919–11.7.1920) — вул. Адама Міцкевіча (перайменавана не раней верас. 1919). Пасля — зноў Захар’еўская. З ліст. 1922 — Савецкая. Падчас нямецкай акупацыі — Hauptstrasse (Галоўная вуліца) і Імя 25-га сакавіка (з 25.3.1944). Пасля прыходу Савецкай Арміі — зноў Савецкая. У другой палове 1952 г. падоўжана за кошт вул. Пушкіна (да 1910 г. — Барысаўскі тракт, потым вул. Захар’еўская, у 1920–1930-я — зноў Барысаўскі тракт, у 1937 г. — пераназваны да 100-годдзя з дня смерці паэта ў вул. Пушкіна, пасля вайны — Пушкінская) — працяг праспекта на ўсход ад месца, на якім цяпер знаходзіцца плошча Якуба Коласа, — і перайменавана ў праспект імя Сталіна. У 1961 г. праспект Сталіна пераназваны ў Ленінскі праспект, і Савецкай застаўся адрэзак вуліцы ад вул. Мяснікова (былой Нова-Маскоўскай) да вул. Свярдлова (дамы з 1 па 19). З 1991 г. — праспект Францыска Скарыны. З 2005 г. — праспект Незалежнасці.

[2] Сучасны адрас вул. Савецкая, д. 17. Адзначым, што ва ўсіх вядомых на 2010 г. працах пра гісторыю Мінска ён «апазнаецца», як дом № 19 (вул. Савецкая ці вул. Захар’еўская, 33). Дзіўна і незразумела і тое, як чэкісты ў 1924 г. здолелі «ўгаварыць» дасведчанага канспіратара, даволі вядомага, Барыса Савінкава зайсці ў дом на вул. Захар’еўскай, 33 (цяпер — Савецкая, 19), у якім размяшчалася «Галоўнае ўпраўленне міліцыі» і амаль усе яго падраздзяленні пад кіраўніцтвам ардэнаносца Яфіма Кроля, расстралянага ў студзені 1940 г., нягледзячы  на «заўзятую і самаадданую дзейнасць на працягу 4-х гадоў на чале міліцыі і крымінальнага вышуку рэспублікі» ў першай палове 1920-х гг. (як пісалася ў прадстаўленні да ўзнагароды). Упраўленне, у якім «самаадданае» жыццё проста «по определению» не цішэла ні ўдзень, ні ўначы.

[3] У 1920-х гг. 1-м Домам Саветаў называлі дом № 17 (некалі ўласнасць Бейлінга Х. Ш.) на пл. Волі (былой Саборнай). 2-м Домам Саветаў называлі гасцініцу «Еўропа», а ў 1930-я гг. — дом на рагу вул. Ленінскай (Губернатарскай) і К. Маркса (Падгорнай) (сённяшні адрас вул. К. Маркса, д. 30/13). 3-м Домам Саветаў называлі дом на рагу вул. Пралетарскай (Паліцэйскай, цяпер — Я. Купалы) і Аляксандраўскай (сённяшні адрас вул. М. Багдановіча, д. 23/2).

[4] Разбураны ў 1941 г.

[5] Ужо падчас працы над кнігай было вырашана даследаваць і Барысаўскі тракт, а гэта яшчэ каля 100 дамоў.

[6] У 1910-х гг. у іх жылі некалькі тысяч чалавек галоўным чынам (больш 80%!) габрэйскай і рускай (у меншай ступені) нацыянальнасцяў.

[7] За сем спакойных і, я сказаў бы, пад’ёмных гадоў (1908–1914) на галоўнай вуліцы пабудавана ці перабудавана — і як! — больш дамоў, чым за чвэрць стагоддзя савецкай улады.

[8] «Створана камісія для расследавання бальшавіцкіх зверстваў, здзейсненых імі ў апошнія дні гаспадарання ў Мінску. Адкапваюцца магілы ахвяр бальшавіцкага тэрору.

Камісія створана па ініцыятыве амерыканскай місіі ў Варшаве. У яе склад уваходзяць: палкоўнік амерыканскага войска (жанчына), дактары Рагоўскі, Абязерскі і член польскага суда Мурзіч.

На сёння раскапана 60 магіл. У кожнай не меней 5-6 трупаў, але ёсць і такія магілы, у якія закапана да 30 чалавек. У большасці ахвяр рукі скручаны дротам. Шэраг ахвяр закапаны жыўцом: на іх не знайшлі ніякіх слядоў, якія б сведчылі пра іншае. Астатнія расстраляны. Галоўным чынам гэта грамадзянскае насельніцтва. Толькі ў адной магіле знайшлі 3-х польскіх уланаў у наручніках. Сведкі (дочкі лесніка) сказалі, што гэтыя ўланы месяц таму былі ўзяты ў палон і расстраляны. Ёсць трупы, звязаныя дротам разам (па некалькі чалавек).

Ахвяры закапаны неглыбока, таму шмат трупаў выкапалі сабакі і пагрызлі.

Асаблівы жах наводзіць магіла на Койданаўскім тракце, у якой знайшлі 26 чалавек. Ва ўсіх рукі і ногі пераламаны, відаць, перад тым, як закапаць свае ахвяры, бальшавікі іх збівалі.

Акрамя Койданаўскага тракту, такія ж магілы выяўлены на Камароўцы, у лесе Ваньковіча і каля Лошыцы (сядзіба Любанскага) за 3 кіламетры ад Мінска…

Частка ахвяр расстраляна ў лясах, а частка ў падзямеллі «Чрезвычайки» на вул. Петрапаўлаўскай, дзе знаходзіліся ўсе арыштаваныя бальшавікамі і праз сцены чулі, як расстрэльвалі іх таварышаў.

Тым часам, адкапалі і труп мінскага адваката Яльца (сваяка вядомых беларускіх грамадскіх дзеячаў братоў Луцкевічаў). Ён быў закапаны жывым. Твар яго ўжо моцна разлажыўся, і апазналі яго па заручальным пярсцёнку і парыку.

Так азвярэлыя бальшавікі распраўляліся ў апошнія месяцы свайго гаспадарання ў Мінску з «контрреволюционерами». Ахоплівае жах ад аповедаў сведкаў. Сярэднявечная інквізіцыя  здаецца дзіцячай забавай» (Biełaruskaje Życcio (Беларускае жыццё). 1919. № 11. С. 7–8).

[9] Тарашкевіч Іосіф Уладзіміравіч. Нар. 1.8.1884. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, працаваў слесарам. У 1915 мабілізаваны, радавы. З 10.9.1917 — у 56-м запасным пяхотным палку ў Маскве, старшыня ротнага камітэта 15-й роты. Уступіў у РСДРП(б) (чэрвень 1917). Дэмабілізаваны 28.1.1918. Са жніўня 1918 — следчы ЧК. З 12(27).5.1919 старшыня Мінскай губернскай ЧК (змяніў свайго аднагодка Вацлава Багуцкага, праз 18 гадоў расстралянага былымі калегамі ў гарачым снежні 1937 г. у Маскве за «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы»). З 1.9.1919 старшыня Смаленскай губернскай ЧК. З 1923 начальнік Смаленскага гарадскога аддзела ДПУ, начальнік Пензенскага губернскага аддзела ДПУ. З 1929 начальнік Вяцкага акруговага аддзела ДПУ. У 1931–1932 нам. паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Ніжагародскім краі па міліцыі, начальнік Ніжагародскага краёвага кіравання рабоча-сялянскай міліцыі. З 11.12.1934 да канца 1935 начальнік Сароўскага выпраўленча-працоўнага лагера УНКВД па Горкаўскім краі (на 1.1.1935 у лагеры лічылася 3 349 зняволеных; год кіравання І. Тарашкевіча перажылі толькі 2310). З 1937 — у Маскве. Ганаровы працаўнік ВЧК-ГПУ. Стары бальшавік, заслужаны ветэран і г. д. Уяўляеце, прыходзіць такі заслужаны да дзяцей у школу…

І яшчэ, як гаворыцца, за прозвішча крыўдна. Цяпер пры згадванні нявінна забітага аўтара беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча міжволі ў галаве ўсплывае і прозвішча забойцы многіх і многіх.

[10] За забойства касіра і двух ахоўнікаў абутковай фабрыкі асуджаны ў ЗША да смяротнага пакарання ў 1921, але пакараны ў 1927.

[11] Цяпер раён кнігарні «Цэнтральная» (пр. Незалежнасці, 19).

[12] Сёння правае крыло ўніверсама «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 23).

[13] Знаходзіўся амаль насупраць «Інтэрнацыянала» (пр. Незалежнасці, 22).

[14] Адкрыўся ў 1934. Зараз правае крыло будынка вядомай арганізацыі, што размясцілася насупраць сквера, які пачынаецца з помніка «палымянаму барацьбіту за правую справу» (насамрэч — левую) Ф. Дзяржынскаму.

Падтрымка праекта: кружка объектив, минимальная партия- мелкий опт.
 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".