Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч 

ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч

[1889, в. Манастыршчына Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Ра­сія — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], рэдактар, журналіст, педагог, дзяржаўны дзеяч. З бел. сялянскай сям’і. З 1906 працаваў настаўнікам школы граматы ў в. Шэнькаўка Мсціслаўскага пав. У 1907 паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. З 1912 настаўнічаў у Мсціславе. У жн. 1913 быў залічаны ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў войска. У 1916 стаў прапаршчыкам. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1917 пераведзены ў Маскву. У пачатку 1918 вярнуўся ў Мсціслаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага павятовага з’езда Саветаў. Працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы. Зімой 1920 прызначаны ваенным камісарам павета. Потым стаў рэдактарам павятовай газ. «Думы бедняка», у якой публікаваў свае артыкулы і вершы. У 1920 пераехаў у Мiнск. Служыў начальнікам палітасветы губваенкамата. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 працаваў у Мсціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзела. Потым прызначаны загадчыкам аддзела народнай асветы Магілёўскага акруговага выканкама. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-руску, публікаваўся ў мясцовай прэсе, у газ. «Савецкая Беларусь». Увосень 1926 пераведзены ў Маскву, прызначаны загадчыкам бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцяў Захаду імя Ю. Мархлеўскага, дзе таксама выкладаў бел. мову і літаратуру. Арганізаваў у Маскве святкаванне 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў «Літаратурная творчасць К. М. Міцкевіча (Якуба Коласа)» (М., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэнні Цэнт­ральнага беларускага клуба ў Маскве (лют. 1928), член праўлення клуба. З восені 1928 — у Мiнску. Сябраваў з Я. Купалам. З чэрв. 1929 рэдактар газ. «Рабочий». У верас. 1929 прызначаны рэдактарам газ. «Савецкая Беларусь», дзе публікаваў свае нарысы і артыкулы. У апошнім нумары газеты выступіў з крытыкай бюракратычных парадкаў (артыкул «Лісты знізу»). 21.3.1933 газета была за­крыта. У маі 1933 прызначаны рэдактарам газ. «Калгаснік Беларусі». Зрабіў выданне папулярным сярод чытачоў і аўтараў. У жн. 1935 газета закрыта. Ш. прызначаны дырэктарам Белдзяржвыдавецтва. Падчас арышту — нам. наркама асветы БССР, старшы кансультант Белдзяржкіно БССР. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 30.1.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, 16 (2-гі Дом Саветаў). Асуджаны 28.10.1937 як «член дыверсійна-шкодніцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29.10.1937. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 10.11.1956. Асабовая справа Ш. № 7772-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

20.11.1937 у Мінску арыштаваны вучань адной з мінскіх школ Вадзім Паўлавіч Шастакоў (н. ў 1921), сын Паўла Шастакова. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД СССР 16-гадовы падлетак быў асуджаны як «член сям’і здрадніка радзімы» да 5 гадоў ППК. Далейшы яго лёс невядомы.

10.2.1933 у Мінску па адрасе: вул. Пеpшамайская, д. 11, кв. 3 арыштаваны адказны сакратар Наpкамата земляробства БССР Шастакоў Сяргей Пятровіч (н. ў 1896 у в. Манастыршчына Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія; атрымаў вышэйшую адукацыю; у 1919–22 служыў у Чырвонай арміі), брат Паўла Шастакова. 8.5.1933 асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК. Далейшы яго лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 16.7.1958. Асабовая справа Ш. № 11070-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Верагодна, рэпрэсавана і жонка Ш.

Тв.: Да новых перамог на культурным фронце // Савецкая Беларусь. 1928. 14 кастр.; Лісты знізу // Там жа. 1933. 21 сак.

Кр.: Карніловіч Э. Сябра Янкі Купалы // Маладосць. 1995. № 10; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".