Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ТАЎБІН Юлій
[Юдаль Абрамавіч; 2(15).9.1911, Астрагожск Варонежскай губ., цяпер Варонежская вобл., Расія — 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў сям’і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў. Пасля заканчэння сямігодкі (1928) паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, адначасова стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Разам з Т. пачалі вучыцца Змітрок Астапенка і Аркадзь Куляшоў (пазней вядомая «тройца мсціслаўцаў»), будучы выпускнік першага выпуска прафесійных літаратараў МПІ (1934), «камсамольскі паэт» (як называў яго аднакурснік С. Шушкевіч) Зяма Півавараў, будучы «ўдзельнік вызвалення Заходняй Беларусі» (І. Багдановіч), дзіцячы пісьменнік Павел Левановіч (загінуў падчас 2-й сусветнай вайны), Ганна Сапрыка і інш. Першыя вершы з’явіліся ў 1926 на старонках час. «Маладняк Калініншчыны» (Клімавічы). Увосень 1930 выйшаў першы зборнік вершаў «Агні». Тагачасная крытыка ставілася да Т. насцярожана; яго абвінавачвалі ў рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры. У 1931–33 вучыўся ў МПІ (паводле іншых звестак — у БДУ). Стаў членам БелАПП.
Сцяпан Ліхадзіеўскі пазней успамінаў: «Юлі Таўбін… Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсеагульную любоў і павагу».
Сяргей Грахоўскі ў сваёй кнізе «Так і было» адзначыў, што «сярод пісьменнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала. Можа, так і было…».
Арыштаваны ў канцы лют. 1933. Прыгавораны 10.8.1933 да 2 гадоў ссылкі (паводле звестак В. Куляшовай, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку»). Тэрмін адбываў у Цюмені. Настойліва вывучаў англійскую мову, многа перакладаў з яе. Перакладаў таксама творы Г. Гейнэ, У. Маякоўскага. 4.11.1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. 29.10.1937 выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу.
Незадоўга да арышту Юлі Таўбін паслаў у Ленінградскае аддзяленне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта). Пераклад верша англійскага паэта «Законы Бога и людей» прагучаў своеасаблівым пасланнем з «таго свету»:
…Себе другой избрал я путь —
Они хотят меня вернуть.
Но я, хуля законы их,
Им не навязывал своих.
Мол, как угодно, господа, —
Раз вы туда, так я сюда.
Так нет же! Им стерпеть нельзя,
Что у него своя стезя.
Они грозят — иди назад,
Не то — тюрьма, петля и ад.
Как не робеть мне! Суд их скор.
Могу ль вступить в неравный спор?
Не я построил этот мир.
Я в нем блуждаю, чужд и сир.
Хоть глупые, но господа —
Они. Их сила, их права.
А нам на Марс не улететь
С тобой, душа моя… Так впредь
Смирись и следовать сумей
Законам Бога и людей…
Рэабілітаваны 29.8.1956.
Тв.: Каб жыць, спяваць і не старэць…: Вершы. 1928–1930. Мн., 1931; Тры паэмы. Мн., 1931; Мая другая кніга: Вершы. Мн., 1932; Таўрыда: Паэма. Мн., 1932; Выбраныя вершы. Мн., 1957; Вершы. Мн., 1969.
Кр.: Бечык В. Голас маладосці // ЛіМ. 1973. 8 сак.; Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй: Успаміны // Дзень паэзіі-73. Мн., 1973; Азгур З. Пад небам і пад дахам майстэрні: [Успаміны] // Полымя. 1974, № 2; Бярозкін Р. Пра Юлія Таўбіна // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974; Маракоў Л. Ліст з таго свету // Голас Радзімы. 1999. 26 жн.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.