Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » МАРАКОЎ Валерый Дзмітрыевіч
[14(27).3.1909, мяст. Козырава Мінскага пав., цяпер у межах Мінска — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, перакладчык. Старэйшы сын Дз. Маракова. Падчас 1-й сусветнай вайны — у бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. З чэрв. 1925 у друку пачалі з’яўляцца яго першыя вершы («Чырвоная змена», «Малады араты» і інш.). У снеж. па пастанове ЦБ юных піянераў і пры спрыянні А. Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі час. «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 пэўны час (па запрашэнні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газ. «Чырвоная Полаччына». Першы зборнік вершаў выйшаў у 1926. Другі — у 1927. У тым самым годзе паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газ. «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930. М. Гарэцкі ў той час пісаў пра М.: «Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне». С. Шушкевіч пазней успамінаў: «Маракова заўважыў і акрыліў бацькоўскай ласкай і прыхільнасцю Янка Купала. Народны паэт не раз запрашаў да сябе юнака на сваю кватэру і цешыўся яго першымі творчымі крокамі, даў паэту не адну сваю кнігу з цёплым і шчырым аўтографам». У 1931 М. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне МПІ (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у час. «Чырвоная Беларусь». Сябра СП Беларусі з 1934. У пачатку 1935, спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у мяст. Чэрнеўка Барысаўскага р-на. 1 сак. вярнуўся дадому. Праз 3 тыдні арыштаваны органамі Дзяржбяспекі. Пасля 3 месяцаў знаходжання ва ўнутранай турме НКВД вызвалены. Паўторна арыштаваны 6.11.1936. Арышт быў праведзены супрацоўнікамі НКВД БССР Авербухам і інш. згодна з ордэрам № 700, выдадзеным 3.11.1936 і сапраўдным адны суткі (арыштавалі па ўжо несапраўдным ордэры — беззаконнасць у беззаконнасці). Як потым высветлілася, мог мець месца ўзброены супраціў пісьменніка пры арышце. Паводле слоў Тодара Кляшторнага, сказаных у верас. 1936 у Доме пісьменніка М. Багуну і П. Хатулёву, «Маракоў, калі ад’язджаў з Мінску на раён, узяў з сабой наган і казаў, што ён будзе са зброяй у руках бараніць сябе…» Калі б В. Маракова арыштоўвалі не на Мінскім вакзале, а ў пакоі, які ён здымаў у Барысаве і дзе, магчыма, прыхаваў так і не знойдзены энкавэдыстамі наган, апошнія вымушаны былі б «браць» пісьменніка з боем…
28.10.1937 пасля года катаванняў знявечанага М. тройка НКВД асудзіла (у 19.30; пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «члена контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
З сакрэтнай даведкі начальніка 1-га спецаддзела НКВД Шавялёва: «Акт аб выкананні прысуду захоўваецца ў Мінску ў Асобым архіве 1-га спецаддзела НКВД СССР, том 8, ліст 155».
Тв.: На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927; Вяршыні жаданняў. Паэзія. Мн., 1930; Права на зброю: Вершы. Мн., 1933; Лірыка. Мн., 1959; Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989; Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.
Кр.: Рагойша В. Сердце, согретое грустью // Вопросы литературы. 1990. № 6; Пруднікаў П. Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. № 3; Грахоўскі С. Растаптаныя пялёсткі // Голас Радзімы. 1998. 7 мая; Звонак А. З успамінаў аб В. Маракове // Першацвет. 1998. № 10–11; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.