Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ЛЯВОННЫ Юрка
[сапр.: Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 16(29).7.1908, Чавусы Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Магілёўскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, МПІ (за распаўсюджванне «контррэвалюцыйных вершаў» выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 скончыў літаратурны ф-т). Друкавацца пачаў у 1924. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930. Член СП Беларусі з 1934. Працаваў у рэдакцыях газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Разам з С. Грахоўскім пераклаў на бел. мову раман Ж. Верна «80 000 лье пад вадой». Некаторыя вершы Л. пакладзены на музыку.
З успамінаў С. Грахоўскага: «Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: «Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…»1
Арыштаваны 30.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2. З падследных, якія праходзілі з ім разам, толькі Л. пасля бясконцых катаванняў не пацвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і г. д. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.4.1957. Асабовая справа Ю. № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1938 у Мінску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар «Белсольэнерга» Гольдберг Яўгенія Абрамаўна (н. ў 1907 у Мелітопалі, цяпер Украіна), жонка Юркі Лявоннага. 28.11.1938 асобай нарадай НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2.6.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Г. № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Выбранае. Мн., 1960.
Кр.: Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады...: Успаміны
// Дзень паэзіі. Мн., 1978; Шушкевіч С. З маладнякоўскага племя // ЛіМ. 1968. 30 ліп.; БП. Т. 4; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.