Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » КУЧЫНСКІ Аляксей Сцяпанавіч
[4(16)2.1892, в. Выдранка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны і грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў гарадское вучылішча, здаў экстэрнам экзамены на званне сельскага настаўніка. З 1909 працаваў у школах Рагачоўскага пав. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Мабілізаваны ў армію. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. Са снеж. 1917 у Мсціслаўскім пав.; працаваў у дзяржаўных і партыйных органах. Уступіў у ВКП(б) (1917). Рэдактар газ. «Думы бедняка». З 1922 у Смаленску. Працаваў у губкаме РКП(б), у газ. «Рабочий путь», быў рэдактарам газ. «Смоленская деревня». З мая 1929 у Беларусі, в. а. рэдактара газ. «Рабочий». З 1930 нам. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». Падчас арышту в.а. рэктара БДУ. Арыштаваны 7.2.1937 у Мінску па адрасе: вул. Кірава, д. 23, кв. 44. У сувязі з арыштам выключаны з ВКП(б). Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі, удзельнік у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта над адным з кіраўнікоў дзяржавы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 4.7.1957. Асабовая справа К. № 10604-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Кірава, д. 23, кв. 44 арыштавана выкладчыца нямецкай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута Кучынская (Старасценка) Алена Фёдараўна (н. 30.12.1894 у Оршы Магілёўскай губ., цяпер райцэнтр Віцебскай вобл., у сям’і бел. службоўца; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Аляксея Кучынскага. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Зноў арыштавана і другі раз асуджана 14.2.1940 да ссылкі на 5 гадоў у Краснаярскі край. Вызвалена 5.11.1942. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 11.12.1956. Асабовая справа К. № 8164-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 разам з маці арыштаваны сын Алены і Аляксея Кучынскі Дзмітрый (н. 9.11.1919 у Мсціславе Магілёўскай вобл.) — вучань 10 класа СШ № 2 Мінска. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджаны як «член сям’і ворага народа» да 5 гадоў ППК і этапаваны ў Ягрынскі канцлагер НКВД Архангельскай вобл. З 1940 — у Краснаярскім краі. Вызвалены 14.2.1940. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 25.12.1956. Асабовая справа К. № 9890-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Жертвы политического террора…
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.