Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » КУЛЬБАК Майсей Саламонавіч 

КУЛЬБАК Майсей Саламонавіч

[13(25).3.1896, мяст. Смаргонь Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце. У сувязі з пачаткам 1-й сусветнай вайны ў 1914 пераехаў у Мінск. Экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні. Пачаў публікавацца з 1916. Прыхільна сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якой прысвяціў пафасную паэму «Горад» (1919). У 1919 К. знаходзіўся ў Вільні. З 1920 да 1927 жыў у Вільні і Берліне. Вярнуўся ў Мінск у 1928. Працаваў у рэспубліканскіх газетах, у яўрэйскім сектары
Бел­АН. Член СП Беларусі з 1934. Перакладаў на ідыш творы Я. Коласа і Я. Купалы.

З успамінаў М. Хведаровіча: «М. Кульбак быў вясёлым чалавекам, у якім жыла, як кажуць, «смяшынка-залацінка», умеў цікава расказаць, і я не раз бачыў, як Купала, Колас і Чорны сядзелі з ім на канапе ў Доме пісьменніка і ўважліва яго слухалі…»1

Арыштаваны 11.9.1937 у Мінску па адрасе: 2-і Акопны (?) зав., д. 4б, кв. 1.

З успамінаў Г. Рэлеса: «Увосень 1937 года, калі сталінскія душагубы з’явіліся па яго, ён сказаў жонцы:

Ну, Зэльдэ, прыйшла і мая чарга. Залішне казаць табе, што я ні ў чым не вінаваты. Ты сама гэта ведаеш. Але мы ўжо больш ніколі не ўбачымся. Беражы дзяцей.

Выканаць гэты запавет поўнасцю Зэльдэ не ўдалося. Услед за ім арыштавалі і яе… Сын загінуў у гета… Цудам ацалела толькі дачка…»2

Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член контр­рэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15.12.1956. Асабовая справа К. № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

5.11.1937 у Мінску арыштавана настаўніца адной з СШ горада Кульбак Зэльда Барысаўна (н. ў 1897 у Вільні), жонка Майсея Кульбака. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа К. № 6761-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Тв.: Выбранае. Мн., 1970; Зельманцы: Раман. Мн., 1960.

Кр.: Барскі А. Майсей Кульбак — прыгожая і трагічная кветка беларускай зямлі // Ніва (Беласток). 1984. 15 студз.; Возвращенные имена; БП. Т. 3; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".