Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » КУДЗЕЛЬКА Іосіф Фадзеевіч
[1894, в. Рудзенск Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер г. п. Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сялянскай сям’і. Прымаў удзел у грамадзянскай вайне, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У 1924 уступіў у ВКП(б). У 1930-я г. — начальнік Упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР. Арыштаваны 30.4.1937 у Мінску па адрасе: Койданаўскі тракт, д. 29, кв. 1. Выключаны з ВКП(б). Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 (?) як «актыўны член антысавецкай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 2.12.1958. Асабовая справа К. № 13352-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: Койданаўскі тракт, д. 29, кв. 1 арыштавана бактэрыёлаг Мінскага мясакамбіната Аляксеева (Кудзелька) Уладзіслава Мікітаўна (н. ў 1901 у в. Кабылля Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер в. Кастрычніцкая Вілейскага р-на Мінскай вобл.; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Іосіфа Кудзелькі. 29.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і расстралянага здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК. У студз. 1938 этапавана (з Аршанскай турмы) у Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. 15.8.1938 пераведзена ў Сярэдне-Азіяцкі канцлагер НКВД Узбекскай ССР. Вызвалена і рэабілітавана ў перыяд 8.12.1943–10.1.1944. Далейшы лёс невядомы. Асабовая справа А. № 7253-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
13.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштаваны парт. і дзяржаўны дзеяч Кудзелька Іван Фадзеевіч (н. 30.11.1891 у в. Рудзенск; з 1914 у арміі; з сак. 1918 у Чырвонай арміі; уступіў у ВКП(б) (1918); з 1922 працаваў на Мiнскім чыгуначным вузле; з 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкамаў КП(б)Б; у 1930 сакратар Мазырскай акруговай кантрольнай камісіі; з 1932 — загадчык аддзела кадраў ЦК КП(б)Б; у 1933 сакратар Мінскага гаркама КП(б)Б; з 1935 наркам фінансаў БССР), брат Іосіфа Кудзелькі. 28.7.1937 пазасудовым органам НКВД асуджаны за «дыверсійна-шпіёнскую дзейнасць у Наркамфіне БССР» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці і расстраляны (28.6.1938). Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26.3.1957. Асабовая справа К. № 10144-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
22.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дваіх дзяцей Кудзелька Ксенія Якаўлеўна (н. 21.1.1894 у с. Лоцманская Каменка, цяпер Днепрапятроўскай вобл., Украіна), жонка Івана Кудзелькі. 8.10.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 5 гадоў ППК і этапавана ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай ССР (ст. Поцьма). Далейшы яе лёс невядомы. Рэабілітавана 12.4.1957 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 10179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
17.10.1937 у Мінску па адрасе: вул. К. Маркса, д. 40, кв. 10 арыштаваны Кудзелька Уладзімір Іванавіч (н. ў 1921 у Днепpапятpоўску), сын Івана Кудзелькі. 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджаны разам з маці як «член сям’і здрадніка радзімы» да 3 гадоў ППК і этапаваны ва Усольскі канцлагер НКВД Свярдлоўскай вобл. 18.8.1941, верагодна, лагернай тройкай прыгавораны за «антысавецкую прапаганду» да 10 гадоў ППК. Загінуў у зняволенні 10.5.1942. Рэабілітаваны 27.12.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 11320-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
18.11.1937 у в. Крыніца Смілавіцкага р-на Мінскай вобл. арыштаваны Кудзелька Міхаіл Фадзеевіч (н. ў 1897 у в. Рудзенск), верагодна, малодшы брат Іосіфа і Івана Кудзелькаў. 15.2.1938 пастановай НКВД асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да ВМП і 15.3.1938 расстраляны ў Мінскай турме НКВД. Рэабілітаваны 15.6.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа К. № 10590-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Хранить вечно; ЭГБ. Т. 4; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.