Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » КАРАНЕЎСКІ Язэп Пятровіч 

КАРАНЕЎСКІ Язэп Пятровіч

[31.12.1887 (12.1.1888), Заслаўе Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч, педагог, публіцыст. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1909), Віленскі настаўніцкі інстытут (1914). З 1915 выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце. У 1915–17 член культурна-асветнага гуртка «Наш край», з мая 1917 — арганізацыі «Маладая Беларусь». З 1916 у эвакуацыі ў Яраслаўлі. У маі 1918 прыехаў у Мінск, дзе вёў перамовы з урадам БНР па пытанні рээвакуацыі Мінскага настаўніцкага інстытута. У 1919–20 школьны інспектар і выкладчык геа­графіі Мінскай беларускай гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі; са жн. 1920 член КП(б)Б, загадчык аддзела ў Наркамаце асветы БССР. Правадзейны член Інбелкульта з 1924. Быў дырэктарам МБПТ. Публікаваўся ў перыядычным друку па праблемах адукацыі. З 1926 — нам. старшыні Інбелкульта. З 1927 — прарэктар Камуністычнага ун-та імя У. Леніна, з кастр. 1928 — намеснік, з кастр. 1929 да ліп. 1931 — рэктар БДУ. З 1932 — у Маскве, нам. дырэктара па вучэбнай частцы Інстытута чырвонай прафесуры сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі. Арыштаваны 15.7.1937 у Маскве па адрасе: Цвярскі бульвар, д. 10, кв. 5. Крымінальную справу К. запатрабаваў НКВД БССР, і ён быў этапаваны ў Мінск. Пасля катаванняў на допытах у верас. 1937 прызнаўся ў «шпіянажы на карысць Польшчы», у правядзенні «контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай прапаганды». Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай нацыяналістычнай тэpарыстычнай шпіёнскай дывеpсійнай арганізацыі» да ВМП. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 6.4.1957. Асабовая справа К. № 16406-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Пасля арышту К. арыштавана і асуджана да 5 гадоў пазбаўлення волі яго жонка П. Г. Каранеўская. Пакаранне адбывала з 3-гадовым сынам Юрыем.

Тв.: Да пачатку вучэбнага года // Асвета. 1924. № 3; Паслякастрычніцкі перыяд // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924; Інстытут беларускае культуры (Інбелкульт) // Наш край. 1927. № 10.

Кр.: ЭГБ. Т. 4; Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. Мн., 2001; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".