Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » КАВАЛЬЧУК Захар Захаравіч 

КАВАЛЬЧУК Захар Захаравіч

[1893, в. Крыўляны Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З бел. сялян­скай сям’і. З 1911 у ЗША. Працаваў на аўтамабільных заводах Дэтройта ліцейшчыкам, страгальшчыкам. У 1916 уступіў у члены Рускай федэрацыі, якая ўваходзіла ў Сацыялістычную партыю Амерыкі. Пасля яе распаду стаў членам Кампартыі ЗША, за прыналежнасць да якой быў арыштаваны і высланы за межы краіны. Пераехаў у СССР. Працаваў ліцейшчыкам на заводзе Аўтамабільнага маскоўскага таварыства. Уступіў у ВКП(б) (1920). У 1921 па­ступіў у ВЧК, адкуль накіраваны на вучобу ў Маскоўскую савецкую партыйную школу. Пасля яе заканчэння член Маскоўскай павятовай кантрольнай камісіі, загадчык агітпрапа павятовага Маскоў­скага камітэта. У 1930 накіраваны ў БССР. Працаваў сакратаром Аршанскага акру­говага камітэта партыі, загадчыкам аддзела кадраў ЦК КП(б)Б. З 1932 старшыня ЦК прафсаюзаў БССР, член ЦК КП(б)Б. Пастановай Бюро ЦК КП(б)Б у 1936 вызвалены ад сваіх абавязкаў за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923. Выведзены са складу кандыдатаў у члены Бюро ЦК КП(б)Б, члена ЦВК БССР і Прэзідыума ЦВК БССР. Падчас арышту — дырэктар рыбакансервавага завода. Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 29.7.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 36/43, кв. 22. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабі­літаваны 15.9.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа К. № 7252-с (спынена з-за адсутнасці складу злачынства) захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Верагодна, рэпрэсавана і жонка К.

Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".