Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » КАВАЛЬ Васіль
[сапр.: Кавалёў Васіль Пятровіч; 4(17).8.1907, в. Сава Горацкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Горацкі р-н Магілёўскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік. У 1925 скончыў агульнаадукацыйныя курсы пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі; увосень 1925 паступіў у Магілёўскі педтэхнікум. Тады ж быў прыняты ў літаб’яднанне «Маладняк». Пачаў друкавацца ў 1926 у час. «Аршанскі маладняк». У 1926–29 (з перапынкам) вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага ф-та БДУ, але кінуў вучобу і пайшоў на творчую працу. Пасля другога расколу «Маладняка» ў 1928 абраны членам Цэнтральнага бюро аб’яднання і ўведзены ў рэдакцыйную групу час. «Маладняк», дзе застаўся пасля ўтварэння БелАПП. Увосень 1928 крытык А. Мардвілка пісаў: «Ніхто (як В. Каваль. — Л. М.) не ахапляе так эмацыянальна сілу зямлі і цягу да яе чалавека, самую існасць сялянскага жыцця і працы». З 1931 К. — актыўны ўдзельнік Беларускага літаратурнага аб’яднання Чырвонай арміі і Флота. У 1932–34 служыў у войску, быў ваенным журналістам газ. «Красноармейская правда» ў Смаленску.
Я. Скрыган успамінаў: «Аказалася, што ён зусім не пявучы, не такі паэтычны і ласкавы, як назва яго кнігі («Як вясну гукалі». — Л. М.), а наадварот, маўклівы, спакойны, з чорнымі і цвёрдымі валасамі, трохі насуплены, задуманы, трохі недаверлівы, з нізка апушчанаю галавою, з цяжкаю верхняю губою і як бы пужлівымі вачыма… Усміхаўся ён скупа, як бы баючыся, каб чаго нядобрага не падумалі пра яго ўсмешку»1 .
Арыштавалі К. 2.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 3/2, кв. 4. Асудзілі 28.10.1937 як «члена антысавецкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Верагодна, былі рэпрэсаваны і сваякі К. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 24.9.1957. Асабовая справа К. № 10898-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Выбраныя творы. Мн., 1932; Выбранае: Аповесці і апавяданні. Мн., 1959; Следапыты; Санька-сігналіст. Мн., 1961.
Кр.: Пальчэўскі А. Васіль Каваль // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1975; Казека Я. Васіль Каваль // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984; Грамадчанка Т. Васіль Каваль // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20–30-х гг. Мн., 1985; БП. Т. 3; ЭГБ. Т. 3; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.