Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » ЗАРЭЦКІ Міхась 

ЗАРЭЦКІ Міхась

[сапр.: Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, в. Высокі Гарадзец Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік, драматург, перакладчык, крытык. Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам — адсюль паходзіць і псеўданім. Вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семі­нарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). У 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне. Уступіў у ВКП(б). У 1920–27 палітработнік Чырвонай арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб’яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае бюро арганізацыі. У 1926–27 рэдагаваў час. «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання «Полымя». У жн. — кастр. 1927 у складзе дэлегацыі бел. літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў ліст. 1928 [артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»]. Выступленні З. у друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928). У 1929 выключаны з ВКП(б) за «праяўленне нацыянал-дэмакратызму». Член СП Беларусі з 1934. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва АН БССР. Ажа­ніўся, гадаваў сына Вячаслава і дачку Радаміру.

П. Пруднікаў успамінаў: «Гэта быў стройны, вышэй сярэдняга росту, бландзіністы, маладжавы на погляд чалавек. Заўсёды акуратна апрануты, падцягнуты, добра прычэсаны, чыста паголены. Твар яго меў удумліва-дабрадушны выгляд, вочы сіне-бла­кітныя. Гаварыў ціха, але пераканаўча. Ніколі не павышаў голасу. Паходка была быстрая, імклівая, але не мітуслівая».

Я. Скрыган удакладняў: «У 1927 годзе Міхась Зарэцкі выгля­дзеў зусім іначай (чым аўтар гэтых радкоў. — Л. М.). Гэта быў ужо ў поўным сэнсе слова пісьменнік і інтэлігент. Папулярнасці і славе яго адпавядаў вонкавы выгляд. Апрануты ён быў, як тады казалі, чыста па-еўрапейску: самае моднае элегантнае паліто, блішчастыя пальчаткі і капялюш. А капялюш на той час мала хто насіў, гэта было нават вельмі смела. Бачылі яго найчасцей разам з А. Александровічам і А. Дударом… Мы тады зачытваліся М. Зарэцкім. Пісаў ён многа, горача і ярка»1.

Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Абут­ковая, д. 23, кв. 3.

Пратакол вобыску ў кватэры М. Зарэцкага:

Взято для доставления в НКВД Белоруссии следующее:

Паспорт.

Заграничный паспорт.

Удостоверение СП № 1543.

Другие документы:

писем — 44 штуки, открытки — 13 шт., адресов телеф. и телег. — 10 штук, телеграмм — 3 шт., 9 пакетов с выписками из контрреволюционной троцкистской литературы, 19 записных книжек, 20 тетрадей с разными записями (магчыма, сярод іх быў і раман «Крывічы». — Л. М.), фотокарточек — 20 шт., групповых фото — 50 шт., написанных общих тетрадей — 2 шт.

Рукопись на 3129 листах. Разная переписка на 953 листах…

Книг с автографами — 83 шт., книг разных авторов и изданий — 80 шт., Зарецкий — сочинения — 36 шт.

Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 у 18.30 (пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7.12.1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Многія рукапісы З. загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».

Таксама рэпрэсавана жонка пісьменніка Марыя Іванаўна Касянкова (некаторы час пакаранне адбывала з Л. Геніюш).

Два дакументы з асабовай справы Міхася Зарэцкага:

Секретно

Справка

Приговор о расстреле Косенкова-Зарецкого Михаила Ефимовича приведен в исполнение в Минске 29/X–1937. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве в спецотделе НКВД СССР, т. 8, лист 155.

Нач. отд. спец. отд. НКВД СССР

лейтенант госбезопасности Шевелев.

22 октября 1956. Секретно.

Начальнику Главного управления милиции МВД СССР,

Начальнику 1 спецотдела МВД СССР,

Главному военному прокурору.

Прошу дать указание соответствующему отделу ЗАГС о выдаче гражданке Косенковой Марии Ивановне свидетельства о смерти ее мужа Зарецкого М. Е.:

«Зарецкий Михаил Ефимович, 1901 г. рождения, был осужден Военной Коллегией Верховного Суда СССР 28 октября 1937 г. и, отбывая наказание, умер 13 июня 1941 г.»

Гр. Косенкова М. И. проживает по адресу:

г. Баку 40, III Поперечная, д. 15, кв. 3.

Зам. Председателя Военной Коллегии Верховного Суда СССР

А. Борисоглебский.

Тв.: Збор твораў. Т. 1–4. Мн., 1989–1992.

Кр.: Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991; БП. Т. 2; ЭГБ. Т. 3; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".