Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » ДУДАР Алесь 

ДУДАР Алесь

[сапр.: Дайлідовіч Аляксандр Аляк­сандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, крытык, перакладчык, першы муж паэткі і настаўніцы Наталлі Вішнеўскай1. З бел. сялянскай сям’і. У час 1-й су­светнай вайны Дайлідовічы знахо­дзіліся ў бежанстве. Выязджалі ў Тамбоўскую вобл. (Казлоў, цяпер Мічурынск). Вясной 1917 сям’я вярнулася ў Беларусь. Пасля сканчэння (1921) сярэдняй школы (па іншых звестках — сямігодкі) Д. усту­піў у тэатральную трупу славутага У. Га­лубка. Першы верш апублікаваў у 1921 у газ. «Савецкая Беларусь». У 1923 — адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій «Маладняка». Выступаў таксама як крытык і празаік. Пера­кладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. У 1927–28 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагіч­нага ф-та БДУ.

Алесь Звонак успамінаў: «Малады, круглатвары, з усмешліва-цёплым позіркам, высокі і зграбны… вочы ясныя, усмешлівыя, з нейкімі іскрынкамі. Голас мяккі, задушэўны, здаецца, крыху з прышэптам… Гэта і ёсць Алесь Дудар»1.

У выніку кампаніі супраць бел. пісьменнікаў-студэнтаў Д. вымушаны пакінуць ун-т. У снеж. 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднання «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» арыштаваны ДПУ 20.3.1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.7.1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Сябра СП БССР з 1934. У 1935–36 у асноўным займаўся перакладамі. Трэці раз арыштаваны 31.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. Як з «нацдэмам са стажам», след­чыя з Д. доўга не цырымоніліся і адразу пачалі катаваць. «Гутаркай» з паэтам займаўся вядомы сваімі садысцкімі схільнасцямі следчы Быхоўскі. Пасля трохсутачнага «канвееру» паэт «успомніў», што сапраўды лічыў, быццам «Москва русифицирует Беларусь… и все беды Беларуси идут от Москвы… а период с двадцать пятого по двадцать шестой годы был золотым веком истории белорусской литературы…»1.

Журналіст З. на адным з допытаў у НКВД, не вытрымаўшы катаванняў, паведаміў пра такі выпадак: «Дудар вытащил спрятанные фото высланных нацдемов и, вспоминая о совместной с ними деятельности, высказывался об этом периоде как о расцвете белорусской культуры…»

28.10.1937 Д. быў асуджаны тройкай НКВД як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 21.9.1957.

Тв.: Выбраныя творы. Мн., 1959; Вежа: Вершы і паэмы. Мн., 1984.

Кр.: Багдановіч І. Будучыня з сінімі крыламі: Літаратурны партрэт А. Дудара // Роднае слова. 1994. № 12; Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996; Маракоў Л. Алесь Дудар: штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. 2001. № 12.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".