Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ГАЛАВАЧ Платон Раманавіч
[5(18).4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік. У 1922–23 — інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола, з 1926 — загадчык аргаддзела, з 1928 — першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1929–30 — нам. наркама асветы БССР. У 1922–23 вучыўся ў Мінскай партшколе, у 1926 скончыў Камуністычны ун-т Беларусі. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». З’яўляўся адным з лідэраў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП. Ініцыятар арганізацыі крытыка-творчага аддзялення МПІ. З пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці (1921) Г. змагаўся за чысціню роднай мовы, за яе дакладнасць і выразнасць. Першае апавяданне «Загубленае жыццё» апублікавана ў газ. «Савецкая Беларусь» у 1925. У 1927 выйшла кніга апавяданняў «Дробязі жыцця». Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Яго творы карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, яўрэйскую i iнш. мовы.
Як успамінаў паэт Павел Пруднікаў (таксама рэпрэсаваны), «Платон Галавач быў рослы, стройны, прыгожы малады чалавек з бялявай чупрынай, якой не стараўся закрываць свой шырокі і высокі лоб, з блакітнымі вачамі, белымі, як цукар, зубамі, з правільнымі рысамі твару, на якім заўсёды ззяла ўсмешка, акуратна апрануты і абуты. Пераважна любіў хадзіць у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпяразанай тонкім поясам з кутасамі. Ён заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра — не любіць яго была нельга».
А вось што прыгадваў пра пісьменніка Я. Скрыган (таксама рэпрэсаваны) у сваёй кнізе «Некалькі хвілін чужога жыцця» (Мн., 1990. С. 52): «Любіў глядзець трошачкі спадылба, гаварыў вельмі спакойна і ціха, голас у яго быў мяккі, з малюсенькім насавым гучаннем. І здалося зусім нечаканым, што няма ў яго ні рэзкага жэсту, які звычайна выпрацоўвае прафесія, ні строгага позірку, ні павышанай камандзірскай ноты — усё па-чалавечы проста і душэўна».
Арыштавалі Г. 11.8.1937 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34. Пры вобыску следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман «Ён»). У сувязі з арыштам выключаны з ВКП(б). Ва ўнутранай турме НКВД лёс звёў Г. з яшчэ адным рэпрэсаваным пісьменнікам С. Шушкевічам, які пазней успомніў такі эпізод (прыведзены ў кнізе В. Куляшовай «Лясному рэху праўду раскажу», Мн., 1989): «Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў... Нарэшце загаварыў: «За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас». Сказаў і заплакаў...»
Перад «судом» Г. пакінуў у камеры запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон». Але на «судзе» (пачаўся ў 22.15, а скончыўся праз пятнаццаць хвілін) вінаватым сябе прызнаў.
28.10.1937 у 22.30 тройкай НКВД асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду.
З сакрэтнай даведкі начальніка 1-га спецаддзела НКВД Шавялёва: «Акт аб выкананні прысуду захоўваецца ў Мінску ў Асобым архіве 1-га спецаддзела НКВД СССР том 8 ліст 1б».
Асабовая справа Г. № 6852-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863–64 і К. Каліноўскага. Імем Г. названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага р-на, дзе вучыўся Г., адкрыта мемарыяльная дошка.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дачкі Галіны і сына Ралана Вечар Ніка Фёдараўна (н. ў 1905 у в. Машчыцы Слуцкага пав. Мінскай губ.), жонка Платона Галавача. 28.11.1937 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і расстралянага ворага радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР (в. Далінская). Пасля вызвалення вярнулася на радзіму. Рэабілітавана трыбуналам БВА 24.7.1956. Асабовая справа В. № 6759-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
У асабовай справе Г. захоўваецца рапарт:
Зам. Министра внутренних дел БССР полковнику Ханяк.
Рапорт.
В 1 спецотдел МВД БССР поступило заявление Вечер Нины Федоровны о розыске Головача Платона Романовича, осужденного ВК Верховного суда СССР к ВМН.
Прошу вашего согласия объявить заявителю Вечер Н. Ф., что муж ее, Головач П. Р., находясь в лагере, 25 декабря 1944 г. умер от паралича сердца.
Начальник 1 спецотдела МВД БССР майор Минаев.
На рапарце ёсць рэзалюцыя: «Согласен. 19.VIII» (1956 г. — Л. М.) Подпіс.
Тв.: Збор твораў: У 3 т. Мн., 1958. Т. 1. Апавяданні. Нарысы. Артыкулы. Т. 2. Аповесці. Т. 3. Праз гады: Раман; Пісьмы // Полымя. 1963. № 4; Некалькі слоў пра сябе // Пра час і пра сябе. Мн., 1966; Праз гады. Мн., 1992; Спалох на загонах. Мн., 1996.
Кр.: Булацкі Р. В., Карніловіч Э. А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973; Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979; Каленкович И. Творчество Платона Галавача: (Жанрово-стилевое своеобразие): Автор. дис. канд. филол. наук. Мн., 1979; БП. Т. 2; ЭГБ. Т. 2; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.