Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ВОЛЬНЫ Анатоль
[сапр.: Ажгірэй Анатоль Усцінавіч; 19.11(2.12).1902, ст. Пухавічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. З сям’і службоўца. Вучыўся ў Ігуменскай гімназіі (паступіў у 1911). У 1920 пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 працаваў у ЦК ЛКСМБ, у газ. «Малады араты». Вучыўся ў БДУ. Публікаваўся з 1921. У 1920–30-х г. быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 — у літаб’яднанні «Маладняк». Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў бел. прозе. Член СП Беларусі з 1934; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935). Паводле сцэнарыяў В. пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць» (1929, сааўтар К. Дзяржавін), «Атэль «Савой» (1930), «У агні народжаныя» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. Яго называлі «майстрам контррэвалюцыйных анекдотаў». Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 4.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. М. Гоpкага, д. 4, кв. 6. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай аpганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.12.1957. Асабовая справа № 11054-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Верагодна, рэпрэсаваны і сваякі В.
Тв.: Камсамольская нота: Вершы. Мн., 1924 (з А. Александровічам); Ваўчаняты: Раман беларускіх лясоў / Сааўт. А. Александровіч, А. Дудар. Мн., 1925 (2-е выд. 1929); Два: Аповесць. Мн., 1925; Чарнакудрая радасць: Вершы. Мн., 1926; Зборнік фельетонаў. Мн., 1927; Табе: Вершы. Мн., 1927; Суседзі: Гумарэскі і фельетоны. Мн., 1932; Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.
Кр.: Айзенштадт Г. Ждите нас, звезды!: Докум. очерк о комс. поэте, журналисте и сценаристе А. Вольном // Знамя юности. 1978. 5 окт.; Айзенштат Г. З ліку першапраходцаў // Чырвоная змена. 1981. 21 крас.; Брадзянскі Б. На шляху да рэалізму: Пра творчасць кінадраматурга А. Вольнага // ЛіМ. 1935. 16 сак.; Шушкевіч С. Талент, загартаваны Кастрычнікам: Да 70-годдзя з дня нараджэння А. Вольнага // ЛіМ. 1972. 1 снеж.; Яго ўспамінаюць добрым словам // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. Мн., 1978; БП. Т. 2; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.