Галоўная » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » ВАЙНОЎ Віктар Лявонавіч 

ВАЙНОЎ Віктар Лявонавіч

[23.2.1904, в. Палужжа Карэліцкай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], журналіст. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Камуністычны ун-т. У 1926–27 сакратар Магілёўскага акружкама КП(б)Б, пазней загадчык сельскагаспадарчага сектара (аддзела) газ. «Звязда». У чэрв. 1936 выключаны з ВКП(б). На момант арышту працаваў загадчыкам экспедыцыі карамельнага цэха фабрыкі «Камунарка». Жыў з жонкай у Мінску па адрасе: вул. Свярдлова, д. 60, кв. 4. Маці В. Марыя Васілеўна і сястра Алена жылі ў в. Палужжа. Брат Сцяпан працаваў рабочым на заводзе імя Дзмітрыева ў Магілёве, другі брат Іван жыў у Томастоне, штат Канектытут, ЗША, таксама працаваў рабочым. Арыштаваны 8.12.1936. Пры вобыску разам з інш. рэчамі забраны і пашпарт В. (серыя ФД № 043726). Асуджаны да ВМП з канфіскацыяй маёмасці 28.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны 28.4.1956. Асабовая справа В. № 5913-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Свярдлова, д. 60, кв. 4 арыштавана на той час рабочая Мінскай скураной фабрыкі імя Куйбышава (а ў 1930–36 член ВКП(б), партыйны і савецкі работнік у Мінску і Смалявічах) Растоўская Рэвека Лазараўна (н. 31.3.1904 у г. Цельшы Ковенскай губ., цяпер Літва, у сям’і службоўца), жонка Віктара Вайнова. 16.5.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК з канфіскацыяй маёмасці і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 4.9.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17.1.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 5881-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: НАРБ, ІКБР; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".