Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » АРАБЕЙ Мікалай Лявонавіч
[16.1899, в. Вялікая Вобрына Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], партыйны дзеяч. З сялянскай сям’і. Скончыў рэальнае вучылішча ў Петраградзе. З 1919 (?) да 1930 у Чырвонай арміі на палітрабоце. З ліп. 1919 да снеж. 1920 на Зах. фронце. У ВКП(б) з 1920. У 1926 скончыў курсы ўдасканальвання вышэйшага начсаставу. З лют. да верас. 1930 — інструктар ЦК КП(б)Б, потым вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры ў Маскве (да ліст. 1933). Ажаніўся, гадаваў дваіх дзяцей. Пасля вяртання ў Мінск — памочнік сакратара ЦК КП(б)Б, дырэктар Белпартвыдавецтва. З верас. 1935 да мая 1936 — загадчык аддзела школ і навукі ЦК КП(б)Б. 17.1.1936 бюро ЦК КП(б)Б рэкамендавала А. на пасаду наркама асветы БССР, а таксама ў члены ЦК і кандыдатам у члены бюро ЦК КП(б)Б. Пры абмеркаванні гэтага пытання на пленуме адзін з яго ўдзельнікаў заявіў, што А. у 1923 выступаў у абарону Л. Троцкага. Узнікла «персанальная справа», пры разглядзе якой 4.3.1936 бюро ЦК адмяніла сваё рашэнне аб вылучэнні наркамам і вызваліла А. ад пасады загадчыка аддзела школ і навукі ЦК КП(б)Б, выключыла з членаў партыі і накіравала на перавыхаванне на абутковую фабрыку ў Мінску ў якасці нарміроўшчыка. Кантрольная партыйная камісія пры ЦК ВКП(б), куды ён звярнуўся з апеляцыяй, пацвердзіла выключэнне з партыі. Арыштаваны 27.4.1937 у Мінску па адрасе: пл. Парыжскай Камуны, д. 14, кв. 11. Асуджаны 29.10.1937 пазасудовым органам НКВД як «удзельнік антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.7.1957. Асабовая справа А. № 10752-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Энгельса, д. 26/92, кв. 25 арыштавана ўрач Ляхаўскай паліклінікі, маці дваіх дзяцей Арабей Дэбора Майсееўна (н. 29.8.1902 у мяст. Старыя Дарогі Бабруйскага пав. Мінскай губ.), жонка Мікалая Арабея. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД яна была асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў ППК. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР1 НКВД Казахскай ССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 27.4.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа А. № 6693-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.